Акцыя "Чысты лес" праходзіць у Беларусі ўжо дзявяты раз

19 октября 2019

Правесці выхадныя на свежым паветры з карысцю  для здароўя і для прыроды! У Беларусі сёння праходзіць добраахвотная акцыя  "Чысты лес". Кіраўнікі міністэрстваў і ведамстваў сумесна з валанцёрамі  наводзяць парадак на месцах стыхійных сметнікаў, ачышчаюць лес ад смецця. У парадак прывядуць тэрыторыі, прылеглыя да аўтамабільнага і чыгуначнага палатна, вакол населеных пунктаў. Не застануцца без увагі  мемарыяльныя комплексы і помнікі.

Віталь Дрожжа, Міністр лясной гаспадаркі Беларусі: "Сёлета мы прынялі рашэнне, што кожнае дзіця, якое возьме ўдзел ў навядзенні парадку  ў лесе, атрымае сувенір. Пры гэтым мы праводзім конкурс сярод навучальных устаноў, і  самыя ініцыятыўныя школы, якія адгукнуліся, творча падышлі да правядзення гэтай акцыі, будуць узнагароджаны сувенірамі і падарункавымі сертыфікатамі".

Адзначым, што акцыя "Чысты лес" праходзіць ужо  дзявяты раз. Толькі за мінулы год добраўпарадкаванне ляснога масіву падтрымалі каля 39 тысяч чалавек.