Чым сталічныя рэстаратары прыцягваюць гасцей

14 июля 2015

Вячэра ў цемры, нестандартныя інтэр'ерныя рашэнні і акцэнт на аўтэнтычную кухню. Для сталічных кафэ і рэстаранаў лета - перыяд  напружанай працы. Турысты-іншаземцы знаёмяцца з беларускай кухняй, а беларусы, у сваю чаргу, шукаюць у Мінску новыя гастранамічныя рашэнні. Чым жа сталічныя рэстаратары прыцягваюць гасцей, што такое гастранамічны турызм? Адказы шукала Надзея Сербіненка.

 

Раніцай  недарагія сняданкі і духмяная кава, увечары - жывая музыка. Сучасныя рэстаратары імкнуцца зрабіць цэлы комплекс паслуг і забаў. У гэтым рэстаране стаўку робяць у першую чаргу  на непаўторную атмасферу і стыль.

Дзмітрый Харытонаў, арт-дырэктар рэстарана: "Шматлікія людзі, якія выбіраюць установу, арыентуюцца менавіта на дызайн. Яны глядзяць на малюнкі і аналізуюць, якога ўзроўню ўстанова, які ўзровень цэн проста па дызайне самой установы".

Стаўку на новыя смакавыя адчуванні робяць і ў гэтым сталічным кафэ. Аднымі з першых у Мінску тут сталі праводзіць так званыя вячэры ў цемры.

Вячэра ў цемры – гэта трэнд, які нядаўна з’явіўся на гастранамічным рынку. Яго адметнасць у тым, што госць рэстарана не ведае, што ён будзе есці, бо сама вячэра праходзіць у поўнай цемры.

Госць рэстарана выбірае толькі адзін з пяці сэтаў - рыбны, мясны ці вегетарыянскі. Усё астатняе засакрэчана. На працягу гадзіны ў поўнай цемры наведвальнікі спрабуюць пазнаць добра знаёмыя стравы, але атрымліваецца гэта не заўсёды.

Афіцыянты  ў цёмнай зале карыстаюцца прыборамі начнога бачання, такімі ж як паляўнічыя і рыбаловы.

Сярод новых тэндэнцый - з'яўленне ў Мінску ўжо папулярных ва ўсім свеце фарматаў - лаўнж-кафэ, рэстаранаў на даху або чайхана. Стваральнікі гэтага кафэ вырашылі злучыць два аспекты – аўтэнтычную ўзбекскую кухню і цікавы дызайн-праект. Расшытыя падушкі, размаляваныя талеркі і яркія дываны - над інтэр’ерам  працавалі прафесійныя дызайнеры і мастакі.

Аляксандр Шалянцоў, кіраўнік кафэ: "Людзям падабаецца такая разнапланавасць. Яны хочуць пасядзець у гэтай атмасферы, заўтра ў другой і трэцяй. Разнастайнасць заўсёды вітаецца".

 

Анастасія Прымака, галоўны спецыяліст па сувязях з грамадскасцю ГУСР Мінгарвыканкама:  "Сёння вялізную папулярнасць набірае гастранамічны турызм. У першую чаргу гэтаму спрыяюць тыдні беларускай кухні, якія мы праводзім некалькі разоў на год, дзе могуць прыняць удзел аб'екты грамадскага харчавання не толькі беларускай кухні, але і французскай, італьянскай, японскай".

Гастранамічны тур ідэальны, калі госць спазнае краіну не толькі праз дэгустацыю ежы, але і праз знаёмства з падрыхтоўкай і гісторыяй нацыянальных страў.