Аграрна-тэхнічнаму каледжу ў Мар'інай Горцы - 145

8 июня 2021

Падрыхтаваць высокакваліфікаваных спецыялістаў для аграпрамысловага комплексу краіны. Гэтым вось ужо 145 гадоў займаецца Мар'інагорскі аграрна-тэхнічны каледж. Навучальная ўстанова пачынала фарміравацца са школы, якая праз часы мяняла свой статус: тут быў тэхнікум, потым саўгас-тэхнікум, з 2000 года - каледж імя Уладзіміра Лабанка (аднога са славутых выпускнікоў). Тут заўсёды рыхтавалі якасныя і прафесійныя кадры. За час свайго існавання каледж выпусціў больш за 25 тысяч спецыялістаў сферы АПК.

Аграрна-тэхнічны каледж знаходзіцца ў адной з самых жывапісных мясцін Мар'інай Горкі. Навучанне праходзіць на базе некалькіх карпусоў. Іншагароднім даецца інтэрнат. Гонар установы - вучэбна-доследная гаспадарка і вытворчыя майстэрні, дзе будучыя аграрыі праходзяць практыку. У каледжы ёсць і свой музей, якому сёлета 55.