А. Лукашэнка падпісаў указ аб дзейнасці Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце

16 сентября 2019

Сёння Кіраўнік дзяржавы падпісаў указ аб дзейнасці Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце. Размова пра абнаўленні ў навучанні будучых кіраўнікоў. У прыватнасці,  дакументам прадугледжаны новыя адукацыйныя праграмы, стажыроўкі для слухачоў, індывідуальны падыход у навучанні  і нават павышэнне стыпендый студэнтам. 

Прадоўжыць  тэму  Юлія Хмель. 

Гісторыя гэтай ВНУ пачалася 28 гадоў  таму - 29 студзеня 1991 года. Яшчэ праз  4 гады навучальную ўстанову пераўтварылі ў Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Беларусі. Сёння ў структуры 3 інстытуты, у складзе якіх 15 кафедр. Зрэшты, гэта дзейнасць не толькі ўнутры краіны, але і за мяжой. Акадэмія супрацоўнічае з перадавымі ВНУ Расіі, Кітая, Паўднёвай Карэі, Швейцарыі, Германіі, Арменіі. Падпісана больш за  60 пагадненняў аб міжнародным супрацоўніцтве. 

А зараз акадэмія пачынае працу па-новаму. Інавацыйныя падыходы распрацоўваюць для будучых кіраўнікоў, у тым ліку і дзякуючы новаму ўказу Кіраўніка дзяржавы. 

Асаблівая ўвага  адораным студэнтам. Зрэшты, і самі навучэнцы ўжо звярнулі ўвагу на адукацыйны падыход. Сяргей Цыганкоў вырас у сям'і ўрачоў, але з дзяцінства марыў быць юрыстам. Зараз вучыцца на  чацвёртым курсе і гаворыць: і тэорыя, і практыка далі яму добры вопыт. Год працаваў памочнікам юрыста ў будаўнічай кампаніі, а зараз  у міжнародным адвакацкім бюро. 

Таксама прадугледжаны стажыроўкі для слухачоў акадэміі - тых, хто ўжо працуе на кіруючых пасадах, а тут праходзіць перападрыхтоўку. Так, згодна з  новай праграмай, слухача замацуюць за кіраўніком таго ці іншага дзяржоргана. І пэўны час ён будзе назіраць за працэсам на месцах або нават дапамагаць кіраўніку. Прасцей кажучы, гэта праца дублёра. 

Згодна з  новым указам,  павялічаны памер стыпендый студэнтаў. Сёлета на бюджэце 100 першакурснікаў. Усяго ж у акадэміі бясплатна навучаюцца больш за  450 чалавек. І для кожнага такі бонус - матывацыя да выдатнай  вучобы. Зрэшты, стымулюючыя выплаты ў ВНУ абяцаюць і выкладчыкам. Пры гэтым падкрэсліваюць: толькі за вынік.

Змяненні  закрануць і адукацыйныя праграмы. Прадугледжаны індывідуальны падыход да кожнага навучэнца. Напрыклад, для слухачоў у залежнасці ад таго, якая база ў іх ужо ёсць, тэрмін навучання будзе вар'іравацца. Гэта  можа быць і  адзін семестр, а можа і два гады. Акрамя гэтага, выбарчы падыход і да прадметаў, якія вывучаюцца. 

Сёння беларуская адукацыя канкурэнтаздольная і на міжнародных рынках. Акадэмія кіравання зацікаўлена ў талентах: лепшая адукацыя для лепшых студэнтаў. Але тое, як яе будуць прымяняць на практыцы, залежыць ад тых, хто зараз спасцігае навуку.