А. Лукашэнка медыкам у Стоўбцах: Вы апынуліся моцнымі людзьмі

8 декабря 2020

Аб дапамозе пацыентам з каранавірусам у рэгіёнах ішла размова сёння ў Стаўбцоўскай цэнтральнай раённай бальніцы. Яе наведаў кіраўнік дзяржавы. Гэты візіт - частка вялікага прэзідэнцкага маніторынгу медустаноў у сувязі з COVID.

Абстаноўка, як і ўсюды ў свеце, складаная, але, як чарговы раз на месцы ўпэўніўся лідар, у нас абсалютна кантралюемая. На прыкладзе клінікі ў Стоўбцах кіраўнік дзяржавы паглядзеў, як аказваюць дапамогу пацыентам на раённым узроўні. З красавіка ў бальніцы арганізавана праца інфекцыйнага шпіталя. Тут маецца больш за сотню пунктаў падвядзення кіслароду і 10 апаратаў ШВЛ. Зараз, па словах міністра, у раённай установе знаходзіцца значна больш хворых на каранавірус, чым пры першай хвалі. Аднак усё роўна тут задзейнічаны далёка не ўсе рэсурсы. Аказваецца і планавая дапамога. Аляксандр Лукашэнка агледзеў аддзяленні клінікі, зайшоў у рэанімацыю, дзе выходжваюць складаных пацыентаў.

За апошнія некалькі дзён колькасць захворванняў на каранавірус знізілася - статыстыка ад галоўнага ўрача. Калі ў лістападзе за суткі рэгістравалася 20 пацыентаў, то апошнімі днямі - па 12. Стандарты лячэння не адрозніваюцца ад сталічных. У гэтым прэзідэнт упэўніўся асабіста, а пазней у размове з калектывам бальніцы запэўніў - усе раённыя бальніцы ў Беларусі ў найбліжэйшы час будуць на такім узроўні.

Прэзідэнт падзякаваў медыкам за іх суладную працу. У гэтым няпростым годзе ўрачы сапраўды героі нашага часу. Нягледзячы на страх перад невядомым вірусам, працягвалі спакойна працаваць і тады, і зараз, аказваючы пацыентам усю неабходную дапамогу. Не зламалі дактароў і спробы некаторых журналістаў вясной раскалыхаць сітуацыю ў Стоўбцах на глебе каранавіруса.

Закранулі ў гутарцы і немедыцынскія тэмы. Зараз актыўна ідзе падрыхтоўка да Усебеларускага народнага сходу. Парадкам цікавяцца і ўрачы.

Абмеркавалі таксама зарплаты медыкаў і ў цэлым фінансаванне сістэмы аховы здароўя, магчымасць стварэння спецыялізаванага цэнтра па траўматалогіі ў Стоўбцах, гаварылі аб здаровым ладзе жыцця. Адно з пытанняў было навеяна абстаноўкай у спартыўнай сферы і абуральна неканструктыўнай пазіцыяй Міжнароднага алімпійскага камітэта. Усе падрабязнасці - у "Панараме".