6 чалавек патанулі на вадаёмах Мінскай вобласці за мінулы тыдзень

8 июня 2015

Для некага пачаўся летні адпачынак, а вось задача гэтых людзей - зрабіць яго бяспечным. Ва ўзмоцненым рэжыме працуюць супрацоўнікі Таварыства ратавання на водах. Пад асаблівым кантролем – месцы масавага адпачынку. А гэта 7 сталічных вадаёмаў і 25 пляжаў. Сезон толькі пачаўся, а ўжо адкрыты сумны лік гібелі людзей. 6 чалавек патанулі на вадаёмах вобласці, на мінскіх – 1. Аляксандра Драгун прадоўжыць тэму.

Рабочы дзень вадалазаў-ратавальнікаў пачынаецца з медыцынскага агляду. Толькі пасля дазволу заступаюць на варту. Хтосьці застаецца на пасту, каб аператыўна рэагаваць на экстранныя званкі, а хтосьці сочыць з памяшкання агляду за станам на вадзе.

Аляксандр выратоўвае людзей 16 гадоў. Столькі працуе на вадасховішчы “Дразды”. У суботу і нядзелю быў сам сярод адпачывальнікаў, а сёння заступае ў новую змену.

Толькі за мінулы тыдзень на вадаёмах Мінскай вобласці патанулі 6 чалавек. Ратавальнікі кажуць, сярод загінуўшых у асноўным людзі, якія добра плаваюць, але не разлічваюць сілы і тонуць на глыбіні. Летам няшчасныя выпадкі здараюцца не толькі ў спёку, але і ў пахмурнае надвор’е, і ў дождж.

На кожнае вадасховішча Мінска - 3 супрацоўнікі Асвода. 12 гадзін за суткі яны не пакідаюць свой баявы пост. Гэта вадалазы, якія не толькі выратоўваюць людзей практычна ў безнадзейных сітуацыях, але і дапамагаюць расчышчаць дно вадаёмаў ад небяспечных прадметаў.

У гарачы час не абыходзіцца і без пажараў. Пакінутыя без увагі касцёр ці мангал можа прывесці да няшчаснага выпадку. Сёлета за купальны сезон адмоўнай статыстыкі няма, але супрацоўнікі МНС працягваюць прафілактыку пажараў.

Калі ж распальваюць мангалы, барбекю ці грыль, таксама варта памятаць, што да бліжэйшай пабудовы павінна быць не менш за 4 метры, а надвор’е – бязветранным. Дровы лепш выкарыстоўваць бярозавыя – ад іх менш іскраў і больш духу. Побач трэба мець рыдлёўку, вогнетушыцель або вядро вады.

Тыдзень таму распачалася першая змена ў летніх лагерах. Напярэдадні супрацоўнікі МНС праверылі ўсе аздараўленчыя ўстановы, а цяпер наведваюць іх і разам з дзецьмі ладзяць прафілактычныя мерапрыемствы, каб і ў летні час падлеткі не забываліся на правілы пажарнай бяспекі.