16 000 тон бярозавага соку сёлета плануюць сабраць лясгасы Беларусі

14 апреля 2018

Традыцыйна сочны сезон пачынаецца з сярэдзіны сакавіка. Але і ў гэтай справе прыйшлося гуляць па правілах надвор'я: плюсавыя тэмпературы ў некаторых рэгіёнах устанавіліся толькі ў пачатку красавіка. Пра тое, як у Гомельскай вобласці пачалі збіраць сок і змагацца са шкоднікамі прыроды, - рэпартаж Ганны Кавалёвай.

Аляксандр здымае пробу першага ў новым сезоне бярозавага соку. У гэтым лясніцтве ён - сталы пакупнік. Гэтым разам робіць запас на 60 літраў.

Уся справа ў тэхналогіі падсочкі. Калі яе не прытрымлівацца, то можна давесці дрэва да гібелі. Бярозе павінна быць не менш за 65 гадоў. Дыяметр ствала - мінімум 20 сантыметраў. Глыбіня запілу - максімум 5.

Макееўскае лясніцтва ў плантацыю па зборы бярозавага соку ператварылася тыдзень таму. Тут такіх дрэў - амаль 80. Адно за суткі прыносіць паўсотні літраў. Карысны напой збіраюць у спецыяльныя пакеты. За дзень атрымліваецца да 800 літраў.

Атрымаць інфармацыю аб участках лесу, дзе растуць прыдатныя дрэвы, можна ў лясгасах і лясніцтвах. Каб купіць у іх сок, трэба звярнуцца з пашпартам і напісаць заяву. Адзін літр каштуе 13 капеек. У гэтым лясніцтве сёлетні план - нарыхтаваць 150 тон. 40 з іх ужо сабрана. І адразу ж 90 % раскупіла насельніцтва. Астатнія літры, як правіла, адпраўляюцца на заводы. Увогуле ў Гомельскай вобласці летась нарыхтавалі 1 325 тон бярозавіку. Сёлета задача - падняць планку яшчэ на 75 тон.

Акрамя спецыялістаў па сок накіраваліся і прыватныя нарыхтоўшчыкі. У многіх гаях можна знайсці іх няхітрыя прыстасаванні. Вось як, напрыклад, гэтае.

Не ўсе яны ўстаноўлены правільна. За гэта можна атрымаць штраф да 500 рублёў. Работнікі дзяржаўнай лясной аховы вядуць строгі кантроль. Дапамагаюць фотапасткі. Іх у гомельскіх лясах каля 200. Месцы размяшчэння перыядычна мяняюць. Дзякуючы ім летась былі затрыманы некалькі парушальнікаў. Усе - у Гомельскім раёне. Сёлета пакуль ніводнага. І хоць гэта толькі пачатак сезона, спецыялісты спадзяюцца, што ўраджай парушальнікаў сёлета будзе не такі багаты, як ураджай соку.