10 год адзначае самы культурны канал краіны - "Беларусь 3"

5 февраля 2023

Ці варта гаварыць, што ў суседзяў поўнае замоўчванне ў СМІ такіх праблем. Расійскія і беларускія каналы на стопе. І няважна, што яны транслююць. Свабода слова па-еўрапейску - гэта калі трэба патураць палітыкам, або будзеш зачынены. Зрэшты, гледзячы на падзенне каштоўнасцяў, хочацца сказаць дзякуй, што мы не прысутнічаем на гэтым рынку.

Несці культуру ў масы працягвае "Беларусь 3". Тэлеканал святкуе юбілей! 10 год таму ў структуры Белтэлерадыёкампаніі з'явілася трэцяя кнопка. Дарэчы, да гэтага ў айчыннай медыяпрасторы не было ні тэматычнага канала ў цэлым, ні асобнага - для высокага мастацтва.

Дзякуючы нашым калегам, у фондах медыяхолдынга сотні выдатных тэатральных пастановак, канцэртных вечароў, культавыя рэлігійныя трансляцыі і конкурсныя адборы. У хроніцы - інтэрв'ю з легендарнымі асобамі, якія фарміравалі культурную самаідэнтычнасць нашай краіны. Як запускалі і чым напаўнялі першыя эфіры "Беларусь 3" - нагадае Вольга Мядзведзь. 

Менавіта з гэтых кадраў фільма Агенцтва тэленавін пачалася гісторыя "Беларусь 3". Пасля гімна нашай краіны вяшчанне на трэцяй кнопцы прадоўжыў адзін з самых грандыёзных праектаў у гісторыі айчыннага тэлебачання таго моманту - дакументальны фільм "Гарадскія пацехі" цыкла "Зямля беларуская".

Сапраўды, для айчыннага тэлебачання "Беларусь 3" - інавацыя. Па-першае, дагэтуль свайго самастойнага сацыякультурнага вяшчання ў нашай краіне не было. Па-другое, кантэнт амаль на 70 працэнтаў толькі на нашай, матчынай, мове. Па-трэцяе, гэта першы цалкам лічбавы тэлеканал Беларусі. Самае сучаснае абсталяванне для выхаду ў эфір і новыя спосабы распаўсюджвання тэлевізійнага сігналу сталі прыкладам для астатніх кнопак, у тым ліку іншых кампаній.

Запуск лічбавага тэлеканала для супрацоўнікаў быў, як палёт у космас. Працу на месцы вывучалі з нуля. Два тыдні тэставых трансляцый, дзясяткі так званых багаў - няспраўнасцей, але ж галоўнае, незаўважных для гледача новай кнопкі.

Наталля Марынава, галоўны дырэктар тэлеканала "Беларусь 3":

Гэта тэлеканал, які паказвае ўсё багацце айчыннай культуры; гэта тэлеканал, які быў створаны, каб паказваць і аказваць шырокую інфармацыйную падтрымку дзяржаўнай палітыкі ў галіне культурнага жыцця нашай краіны. Тэлеканал "Беларусь 3" - гэта ўвогуле першы тэматычны тэлеканал у нашай краіне.

Працаваў "Беларусь 3" усяго 12 гадзін на дзень (з васьмі да васьмі). У праграме - пераважна фондавыя матэрыялы Белтэлерадыёкампаніі, размеркаваныя па тэмах: тэатр, кіно, літаратура, прырода, навука і іншыя.

Культурнаму каналу і самая культурная пляцоўка! Фае Вялікага тэатра стала першым імправізаваным тэлепавільёнам "Беларусь 3". Калі пачыналі, сваёй уласнай прасторы на Макаёнка, 9 у каманды не было. Многія праекты не толькі трэцяй кнопкі выходзілі з легендарнай "шасцісоткі". Цяпер жа культавыя лакацыі ў сферы мастацтва - таксама выязныя студыі. Нацыянальны мастацкі музей поўны “Арт-гісторый”, а Нацыянальная бібліятэка - утульная атмасфера для "Суразмоўцаў".

Зараз у праграме сацыякультурнага канала медыяхолдынга – амаль тры дзясяткі аўтарскіх праектаў. Сярэднесутачны ахоп гледачоў «Беларусь 3» складае больш за 900 тысяч чалавек, а гэта 13 працэнтаў гарадскога насельніцтва ва ўзросце ад 4 гадоў і вышэй.

Фолк-экспедыцыі "Наперад у мінулае" нават старэйшыя за сам «Беларусь 3» (перайшлі з "Лада" па наводцы народнага артыста Анатоля Ярмоленкі). Кожны тыдзень ужо 11 гадоў здымачная група праекта даследуе мястэчкі нашай краіны, іх гісторыю, запісвае мясцовыя абрады і песні. Па выніках падарожжа адна з кампазіцый набывае новае жыццё - у выкананні сучаснага артыста. За гэты час у праекта больш за паўтысячы народных хітоў і чатыры сотні пунктаў на карце.

Аксана Вечар, вядучая Белтэлерадыёкампаніі:

На вёсцы забавак не шмат зараз, усе гэта ведаюць, няма куды пайсці. І людзі часта апускаюць рукі, таму што ў іх там што? Кароўка, у лепшым выпадку, курачкі, а тут вось прыехала тэлебачанне, іх паказалі, яны адчуваюць сваю нейкую патрэбнасць. А мы, адпаведна, адчуваем, што робім нейкую добрую справу.

Дзесяцігоддзе разам з "Беларусь 3" адзначае і самая народная тэлевізійная кулінарная кніга. Энцыклапедыю айчынных смакаў шоу "Беларуская кухня" таксама складае падчас вандровак. Якія клёцкі смачнейшыя: са шчупака ці судака? Як правільна загарнуць язык у вушы? Праект і сёння застаецца адным з самых запатрабаваных на айчынным тэлебачанні, дзе можна наесціся вачыма.

Тэлеканал "Беларусь 3" - адзіны ў нашай краіне, у эфіры якога выходзяць тэлеперадачы асабістай вытворчасці для дзяцей. Штодзень да сну маленькіх рыхтуе легендарная "Калыханка", па буднях жа абуджае "Дабраранак", яны выхоўваюць ў маладога пакалення ідэі дабрачыннасці і міласэрнасці. І, вядома, "канал сапраўдных каштоўнасцей" - пра духоўны рост. Таксама дзесяць гадоў Агенцтва тэленавін у эфіры трэцяй кнопкі расказвае пра наша талерантнае шматканфесійнае рэлігійнае грамадства, традыцыі і святы, людзей служачых і свецкіх, якіх аб'ядноўвае царква, касцёл, мячэць... Так, 3 лютага выйшаў ужо 455-ты выпуск "Сілы веры". Увогуле ж за мінулыя два сезоны, напрыклад, толькі прамых трансляцый значных і святочных набажэнстваў было каля двух дзясяткаў.

Свой юбілей самае культурнае падраздзяленне Белтэлерадыёкампаніі адзначае пад слоганам "10 гадоў - 10 прэм'ер". Дзень нараджэння тэлевізіёншчыкі правядуць у яшчэ больш плённай працы. Новыя вядучыя, тэлеперадачы, дакументальныя фільмы, мастацкія і анімацыйныя стужкі, канцэртныя праграмы і тэлеверсіі спектакляў. На працягу найбліжэйшых двух месяцаў у эфіры абноўленае графічнае афармленне і прэм'ерныя пазнавальныя праекты. Бліжэй з імі мы пазнаёмім вас у Дзень нараджэння "Беларусь 3" - 8 лютага ў "Панараме".