У буйных універмагах Мінска адкрыліся аддзелы навагодніх упрыгажэнняў

5 ноября 2013

Навагодні шопінг стартаваў! У буйных універмагах Мінска адкрыліся аддзелы навагодніх упрыгажэнняў. Асартымент на паліцах папоўніўся, і сёння прапануецца больш за тысячу відаў ёлачных цацак. Дарэчы, мішура, гірлянды і штучныя елкі - айчыннай вытворчасці.


Марына Мураўёва завітала на пераднавагодні кірмаш. Сёлета асартымент навагодніх упрыгажэнняў папоўніўся навінкамі. У пакупнікоў ёсць магчымасць набыць не толькі навагоднія цацкі, але і поўны святочны камплект.


Навагоднія касцюмы, цацкі, свечкі, хлапушкі, штучныя зялёныя прыгажуні - ужо сёння можна набыць гэтыя атрыбуты самага галоўнага свята дзяцей і дарослых. Таццяна адной з першых наведала аддзел ёлачных упрыгажэнняў. Жанчына прызнаецца: цяжка ўтрымацца і не набыць кавалачак добрага настрою.


Выбар у сталічных магазінах разнастайны. Навагодні асартымент абнавіўся, і сёння больш за тысячу відаў ёлачных цацак, мішуры, гірляндаў і штучных елак чакаюць сваіх пакупнікоў.


Тым жа, хто плануе ўпершыню набыць штучную зялёную прыгажуню, трэба вызначыцца з памерамі. Офісны варыянт елкі, якая не будзе вышэй за 30 сантыметраў, упрыгожаная цацкамі, каштуе ад 80 000 рублёў. Стандартная прыгажуня на паўтара метра з камплектам упрыгажэнняў абыдзецца ў семсот тысяч. А вось двухметровая елка разам з цацкамі - два мільёны.


Дарэчы, кошт ёлачных упрыгажэнняў абяцаюць пакінуць нязменным да 10 студзеня - да завяршэння працы навагодніх кірмашоў.