У самым сэрцы сталіцы сёння адкрываецца новы Археалагічны музей

14 марта 2019
520 гадоў таму Мінск атрымаў Магдэбурскае права. Менавіта гэтай падзеі прысвяцілі адкрыццё новага - Археалагічнага - музея ў Верхнім горадзе. Мастакі, археолагі, супрацоўнікі ўстановы завяршаюць апошнія работы над экспазіцыяй. Напярэдадні адкрыцця новую прастору горада наведала Ларыса Гулякевіч.

Гандлёвыя рады, майстэрня шаўца, лаўка ганчара… Рэканструкцыя асноўных заняткаў гараджан у XIV-XIX стагоддзях створана ў адпаведнасці з гістарычнымі дакументамі. Нават можна зазірнуць у келлю да манахаў-бернардзінцаў і ў кляштар часоў вайны 1812 года.

Будынак Археалагічнага музея Мінска ўзведзены на тэрыторыі былога бернардзінскага кляштара - помніка археалогіі канца 18-га пачатку 19-га стагоддзя. У аснове экспазіцыі - матэрыял археалагічных даследаванняў, які адлюстроўвае асноўныя этапы станаўлення і развіцця матэрыяльнай культуры Мінска са старажытных часоў да пачатку ХХ стагоддзя. Праз «пагружэнне на мацярык» горада можна ўбачыць асаблівасці фарміравання культурнага пласта Мінска XI - ХІХ стагоддзяў з дапамогай штучна створаных археалагічных раскопак.

Рэльефны сюжэт заснаваны на рэштках мамантаў, выяўленых беларускімі навукоўцамі. Пра старажытны Мінск - сучаснымі мультымедыйнымі сродкамі. Новы музей, прысвечаны сэрцу Мінска - Верхняму гораду, адкрыўся толькі-толькі. Легенда пра волата-заснавальніка Менеска, археалагічныя знаходкі XI-XIII стагоддзяў і нават старажытная флора і фаўна - галоўныя экспанаты новага музея. Інтэрактыўная кніга «Летапіс Мінска», вітрына-піраміда з 3D-праекцыяй, гульнёва-пазнавальныя заняткі і зона для маленькіх мастакоў-рэстаўратараў. Новы археалагічны музей - яшчэ і новая лакацыя для правядзення школьных урокаў па гісторыі.