Колер настрою - васільковы. Свята жыцця ў фестывальным Віцебску

19 июля 2020
"Славянскі базар" - падзея, якой з нецярпеннем чакаюць кожны год. Прычым не толькі ў Віцебску і нават не толькі ў Беларусі. Фестываль даўно выйшаў далёка за рамкі выключна славянскага адзінства. Амаль за тры дзесяцігоддзі ў Віцебску пабывалі прадстаўнікі без малога 80 краін  з пяці кантынентаў. Гэтыя факты гавораць самі за сябе: Беларусь - сэрца культурнага яднання народаў. 

Віцебскія вуліцы перапоўненыя, адных толькі акрэдытаваных журналістаў на фестывалі  больш за тры сотні. А кожны артыст марыць пра імянную зорку на той самай алеі ля Летняга амфітэатра.

І вязуць свае лепшыя праграмы. Сёлета толькі ўкраінская дэлегацыя - сотня чалавек. Сапраўдная музычная рота, уключаючы артыстаў і тэхнічную каманду. 

"Славянскі базар" не спіць чацвёртыя суткі. Афішу гэтага года хоць і скарацілі, але зрабілі больш шчыльнай. Праграмы дзіцячага і дарослага конкурсаў змясцілі ў адзін дзень, не расцягваючы на два.  Затое сёлета беларускіх артыстаў стала больш. Для сваіх на адкрытай пляцоўцы ля канцэртнай залы "Віцебск" зрабілі асобнае музычнае шоу да раніцы.