Сакрэты глінянай цацкі ад майстра з Клецкага раёна

26 октября 2021

Клецкі край знакаміты сваімі народнымі промысламі. Сярод іх традыцыйная гліняная цацка, аўтар якой Святлана Клубовіч. Творчасцю майстар займаецца з дзяцінства. Сёння вучыць сакрэтам старадаўняга рамяства аднавяскоўцаў, асабліва мясцовую дзятву. Наталля Бардзілоўская раскажа пра таленавітага майстра.

Сямнаццаць кіламетраў ад Клецка. Назва мястэчка Туча, здаецца, папярэджвае: мясцовыя жыхары - народ пахмурны. Але тапаніміка падманула - у гэтым ўпэўнівае візіт на вуліцу Цэнтральную, у двор гаспадароў Клубовічаў. Тут стракатая гаспадарка: козы, куры, каты ды сабакі - усе жывуць па-сяброўску. Але галоўны цэнтр добразычлівасці - у хаце. Тут і прыватная рамесніцкая майстэрня з пацешнымі фігуркамі: іх ужо не першы дзясятак гадоў вырабляе майстар Святлана Міхайлаўна.

З таго знаёмага месца ў Янавічах майстар і сёння бярэ гліну для сваіх вырабаў. Сцвярджае, за знешне немудрагелістым рамяством лепкі стаіць грунтоўны падрыхтоўчы працэс.

У маіх руках кавалак гліны - на першы погляд такі гладкі, ладны, але за гэтай бачнай "паслухмянасцю" стаяць шмат этапаў працы! Па-першае, гліну трэба знайсці, потым яе накапаць, добра размачыць, прапусціць праз сіта, каб матэрыял страціў усе каменьчыкі, травінкі, пясчынкі. Затым ячшэ раз размякчыць і прапусціць праз панчохі, вось тады атрымліваецца матэрыял, з якога можна пачынаць лепку.

Падчас працы неабходна пастаянна ўвільгатняць гліну, таму побач з майстрам заўсёды ёмістасць з вадой. Тут жа пэнздлікі і фарбы - Клубовіч распісвае фігуркі акрылам і гуашшу. Але не абпальвае цацкі. Новастворанае сохне натуральна, праз маленькія адтуліны. Праз іх жа... і свішча!

Святлана - аўтар унікальных клецкіх свістулек. Але формулу іх стварэння трымае ў сакрэце ад дарослых канкурэнтаў. Толькі з гэтай дзятвой дзеліцца! Кіруе гуртком лепкі "Спадарушка" пры мясцовым сельскім клубе. Выхаванцы - хлопчыкі і дзяўчынкі - удзельнікі і нават пераможцы раённых конкурсаў творчасці.

Захапіла лепкай усю Тучу. А вось перадаць інтарэс да рамяства ўласнаму мужу Святлана Клубовіч не здолела. Мікалай Міхайлавіч - былы аграном і гатовы ўзяць любыя гаспадарчыя клопаты на сябе дзеля таго, каб таленавітая жонка займалася любімым рукадзеллем.

У Клубовічаў - тры сыны і пяцёра ўнукаў. Любоў блізкіх натхняе Святлану на творчасць. Свае вырабы яна з задавальненнем дорыць людзям, бо здаўна ведае: гліняныя цацкі - лепшы абярэг "на шчасце", "на любоў", "на дабрабыт".