Сёння 255 гадоў з дня нараджэння Міхала Клеафаса Агінскага

25 сентября 2020
Кампазітар, дыпламат, грамадскі дзеяч, палітык. Прадстаўнік старажытнага магнацкага роду, які каранямі сыходзіць да Рурыкавічаў. У шматлікіх краінах сёння ўспамінаюць Міхала Клеафаса Агінскага - аўтара знакамітага паланэза "Развітанне з Радзімай". 25 верасня спаўняецца 255 гадоў з дня яго нараджэння.

Алена Борматава - пра чалавека рамантычнай эпохі. Сядзіба Агінскага ў Залессі. Сучасны Смаргонскі раён. Яму яна дасталася ў спадчыну. Разам з Маладзечнам і Ганутай. У пачатку 19-га стагоддзя гэта быў просты драўляны дом, які да прыезду новага ўладара пафарбавалі ў белы колер. 


Чалавек, які асабіста атрымліваў пасады ад цароў


Агінскі шмат асабіста кіруе будаўніцтвам сядзібы. Апроч таго, наймае знакамітага на той час архітэктара Шульца і батаніка Струмілу. Ён мог сабе гэта дазволіць. Бо за плячыма немалыя пасады - быў і вялікім падскарбіем літоўскім. Калі казаць сучаснай мовай, міністрам фінансаў. Пасада, якую асабіста атрымаў ад Кацярыны Другой. Яна вырашыла пазнаёміцца з аўтарам паланэза фа-мажор, пад які танцавала на балях. Аказалася, кампазітар ёй добра вядомы, толькі як палітык і дыпламат. Міхал Клеафас Агінскі інтарэсы краіны прадстаўляў ў Галандыі і Вялікабрытаніі. 

Нягледзячы на тое, што сёлета спаўняецца 255 гадоў з дня нараджэння Міхала Клеафаса Агінскага - чалавека, чые юбілеі ўнесены ў каляндар памятных дат ЮНЕСКА, у яго біяграфіі застаецца нямала невядомых фактаў і недаследаваных момантаў. Адно з галоўных пытанняў, на якое да сёння няма дакладнага адказу, - дзе ж быў напісаны знакаміты паланэз №13? Ёсць некалькі версій, але навукоўцы схіляюцца ўсё ж да адной - "Развітанне з Радзімай" было напісана ў Залессі.


Палітык, дыпламат, якога ўславіла хобі кампазітара


Дарэчы, назвы сваім паланэзам Агінскі не даваў, ён проста іх нумараваў. Усяго 24.  28 рамансаў, опера, вальсы, маршы, менуэты і галоп - больш за 7 дзясяткаў твораў. У Залессі Агінскі пражыў 20 гадоў. Тут нарадзіліся яго дзеці, тут было створана шмат твораў, напісаны сотні старонак мемуараў, вялася актыўная палітычная работа. Міхал Клеафас асабіста вёў перамовы з Напалеонам, быў даверанай асобай Аляксандра Першага. У Залессе да Агінскага прыязджалі розныя палітыкі, чыноўнікі і творчыя асобы. 

Дом, дзе жыў Міхал Клеафас Агінскі, стаў музеем-сядзібай

Сядзіба Агінскіх у розны час была і штабам, і ваеннай камендатурай, домам адпачынку і прытулкам для састарэлых. Аднак пасля рэстаўрацыйных работ тут адкрылі музей Міхала Клеафаса Агінскага. 13 залаў - як 13 пакояў у гаспадара. 862 квадратныя метры і больш за 25 гектараў тэрыторыі парку.