Рубрыка "Праменад"

28 октября 2016

Культурны сезон восені ў разгары. Ад барочнай музыкі на сцэне філармоніі да авангардных скульптур і карцін беларускіх мастакоў з сусветнымі імёнамі. Як правесці выхадныя, падкажа Ларыса Гулякевіч і рубрыка "Праменад".

Музыкай, якая раней гучала на балях і высокіх прыёмах у палацах і замках пры шляхце, князях і каралях! Еўрапейскія творы эпохі барока, рускія, а таксама музыка ХVI–XVIII стагоддзяў, якая была створана на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага. Згадзіцеся, не кожны дзень даводзіцца слухаць такія музычныя шэдэўры. Ансамбль "Кантабіле" дае канцэрт у нядзелю на вялікай філарманічнай сцэне ў гонар свайго 40-годдзя.

Асаблівы гонар ансамбль "Кантабіле" мае за той гістарычны факт, што ён быў першым, хто выканаў музыку сёння знакамітага "Полацкага сшытка". Пасля гэтую музыку ў сваім рэпертуары і па сённяшні дзень даволі актыўна выкарыстоўваюць шматлікія рок і фольк гурты Беларусі.

Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў, што на праспекце Незалежнасці, прапануе адразу некалькі выстаў. Адна з іх "Кераміка ночы", дзе прадэманстраваны работы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва па выніках сёлетняга XIV Міжнароднага пленэра “Арт-Жыжэль”.

У рэалізацыі праекта прынялі ўдзел 18 прафесійных мастакоў-керамістаў з Беларусі, Расіі, Украіны, Малдовы, Латвіі, Эстоніі і Славакіі. Удзельнікі раскрылі ў сваіх работах своеасаблівыя спецыфічныя прыёмы і спосабы фарміравання керамічнай пластыкі; дэкорную, колеравую і стылявую разнастайнасць.

Іншая выстава, тут у цэнтры на праспекце, - творы беларускага мастака Міхаіла Шыкава, вядомага як архітэктара беларускага павільёна на 54-ай біенале ў Венецыі.

Выстава "Кола часу" Міхаіла Шыкава - новае амплуа для мастака. Сюжэты і манера выканання прадстаўляюць мастака з вытанчаным і ў той жа час крытычным поглядам на свет.

У мастацкай галерэі “Дом карцін” можна пазнаёміцца адразу з чатырма персанальнымі выставамі найцікавейшых беларускіх мастакоў. Нясумных выхадных і да наступнай пятніцы.