Рубрыка "Праменад"

18 августа 2017

Экзотыка арыгамі на выставе ў Мінску, вынікі творчых паездак нашых мастакоў па Індыі і магчымасць прайсці па шляху вікінгаў. Плануем культурныя выхадныя з Ларысай Гулякевіч.

Арыгамі - традыцыйнае японскае мастацтва стварэння вобразаў з паперы. Яно пачало развівацца ў XVII стагоддзі ў Японіі, а зараз шырока распаўсюдзілася па ўсіх краінах і кантынентах. Існуюць нават Алімпійскія гульні па арыгамі.

Дзмітрый Лысюк, двухразовы алімпійскі чэмпіён, дэманструе свае работы ў мастацкай галерэі «Універсітэт культуры». Папяровыя скульптуры - для беларусаў з'ява экзатычная. Прываблівае складанай тэхнікай, арыгінальным майстэрствам. Сярод работ майстра – мазаікі, кусудамы, класічныя арыгамі, мастацкія фатаграфіі.

Як выказаць найлепшыя ўражанні аб такой краіне, як Індыя? Трэба яе наведаць і не сфатаграфаваць, а замаляваць свае эмоцыі. Вынік гэтай працы чатыры беларускія мастакі прадэманстравалі на выставе «IND-БЕЛ-ART» у Нацыянальным гістарычным музеі.

Група беларускіх мастакоў (Рыгор Сітніца, Юрый Хілько, Дар’я Бунеева і Вера Ягоўдзік) зрабіла творчую паездку ў Індыю, якая была прымеркавана да святкавання 70-годдзя незалежнасці Індыі і да 25-годдзя наладжвання дыпламатычных адносін паміж нашымі краінамі.

Тадж Махал, Элора, Аджанта... Падчас экзатычнага падарожжа мастакі пабывалі не толькі ў сталіцы Нью-Дэлі, але і ў рэгіёнах Індыі.

«Шлях вікінгаў» - другі Міжнародны фестываль ранняга Сярэдневякоўя, прысвечаны эпосе легендарнага гандлёвага шляху «з вараг у грэкі», пройдзе ў гэтыя выхадныя ў парку гісторыі Сула.

У рамках фестывалю «Шлях вікінгаў» адбудуцца ваенныя спаборніцтвы са спецыфічнымі назвамі. Абавязкова «Бітва на мосце», «Штурм варот замка» і «Ахова конунга». Побач з турнірнай пляцоўкай будзе працаваць горад майстроў, дзе сувеніры можна зрабіць самастойна пасля наведвання майстар-класаў. Не абыдзецца двухдзённае свята без музыкі. Канцэрт пад адкрытым небам у стылі folk/viking-metal, танцы ды гульні ў старажытным антуражы.

I, CULTURE Orchestra (ICO) - гэты ансамбль таленавітых маладых музыкантаў з Польшчы і краін “Усходняга партнёрства” выступіць заўтра у межах праекта «Класіка ля ратушы».