Рубрыка "Праменад"

10 июля 2020
Мастацкія галерэі Мінска запрашаюць на цікавыя выставачныя праекты. Так, міфічныя аўтарскія лялькі - у Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў на праспекце Незалежнасці. Экспазіцыя "Задолле". А ў Палацы мастацтва – "Мастакі Бабруйска". Арт-гасцёўня “Высокае месца” запрашае на мастацкі праект "Чырвоная кніга". Усе падрабязнасці ў Ларысы Гулякевіч. Рубрыка "Праменад".

За даламі, за гарамі... Там, дзе заканчваецца рэальнасць і пачынаецца казачна-міфалагічны свет. А галоўны герой у ім - лялька. Яна заўсёды кранае душу дзяцей і дарослых. На персанальную аўтарскую выставу "Задолле" запрашае майстар Анастасія Адамовіч.

Кожная лялька выканана ў адзіным экзэмпляры. Палімерная гліна, тэкстыль і трэс - асноўныя працоўныя матэрыялы лялечнага майстра - выпускніцы Беларускай акадэміі мастацтваў. Усе элементы і дэталі мастацкага вобраза ствараюцца цалкам уручную. Кожны персанаж апрануты ў адпаведны касцюм па індывідуальным кроі.

Фонавым акампанементам для казачна-міфалагічных персанажаў выступаюць малюнкі самой Анастасіі. Рачныя німфы, русалкі пераклікаюцца з героямі лялечнай калекцыі. Ёсць сярод іх і аўтапартрэт.

Мастацкая галерэя "Палаца мастацтва" запрашае адразу на некалькі выстаў. Адна з іх ад "Мастакоў Бабруйска". У экспазіцыі - жывапіс, графіка, кераміка, скура, батык, мадэляванне…

Сёлета аднаму з найстарэйшых аб'яднанняў - Бабруйскай арганізацыі Саюза мастакоў - 30 гадоў! У экспазіцыі - рэтраспектыва карцін 15 лепшых майстроў гэтага горада. Усяго ў 4-х выставах у Палацы мастацтва прадэманстравана амаль паўтысячы твораў беларускага мастацтва, выкананых у розных жанрах, стылях і тэхніках.

Праект "Чырвоная кніга.  Жывёлы" прадстаўлены двума маладымі творцамі. Яны не ўражваюць вялікімі лічбамі знікаючых відаў, а ўздзейнічаюць псіхалагічна! Пры дапамозе выяўленчых сродкаў мастацтва. Напрыклад, такіх, як цісненне на паперы. 

Белае на белым. Гэта папуляцыі дзесяці відаў жывёл, якія знікаюць на планеце. Выявы насарога, тыгра, рэдкіх рэптылій на старонках кнігі ледзь праглядаюцца і нібы раствараюцца.

Марына Жвірбля і Фёдар Шурмялёў па-свойму раскрываюць тэму экалогіі. Свой творчы праект з 80 графічных работ яны прадэманстравалі ў арт-гасцёўні "Высокае месца".

А гэта дыпломны праект выпускніка Акадэміі мастацтва Фёдара Шурмялёва "Знакі задыяка". За аснову тэкстаў і ілюстрацый Фёдар узяў старажытнагрэчаскую міфалогію.

"Паўлінка на Купаллі". Першы музейна-тэатральны online-фэст праходзіць да 12 ліпеня і будзе даступны для ўдзельнікаў па ўсім свеце на асобнай старонцы сайта і YouTube-канале Купалаўскага тэатра. Прыемных і нясумных выхадных!