Працы чатырох майстроў-самавучак са Старадарожскага краю ў Мінскім абласным цэнтры народнай творчасці

29 июня 2023

Выстава наіўнага мастацтва ў галерэі "Цэнтр". Працы чатырох майстроў-самавучак са Старадарожскага краю аб'яднаў Мінскі абласны цэнтр народнай творчасці. Мастакі працуюць з жывапіснымі і графічнымі матэрыяламі. Кожны з іх мае сваю асабістую аўтарскую манеру і тэхніку працы з алейнымі або акрылавымі фарбамі.

Наш карэспандэнт Ларыса Гулякевіч завітала ў госці да майстроў.

Для кожнага з іх жывапіс - любімая справа жыцця. Больш чым хобі. Андрэй Пятрушэня з аграгарадка Горкі Старадарожскага раёна калісьці вучыўся на кінамеханіка ў Гродзенскай вобласці. Пачаў пісаць карціны у 16 гадоў, але атрымаць мастацкую адукацыю не давялося. Асвоіў шмат сельскагаспадарчых спецыяльнасцей і працуе механізатарам. Лепшы адпачынак - праца за мальбертам. Замалёўкі робіць выключна з натуры і не алоўкам, а шарыкавай ручкай. Яго пейзажы вельмі пазнавальныя. Кожная галінка і травінка выпісана дасканала алейнымі дробнымі штрышкамі.

Сусед - Мікалай Глінскі - па прафесіі токар і электразваршчык. У вольны час дапамагае добраўпарадкаваць участкі суседніх школ і дзіцячых садкоў. Стварае адмысловыя мастацкія канструкцыі: арэлі, падстаўкі пад кветкі...  Жывапісам пачаў займацца толькі на пенсіі - творча пераасэнсоўвае візуальныя прыклады папулярнай культуры з інтэрнэт-прасторы. Лепшыя падказчыкі сучасных вобразаў для яго карцін - маленькія ўнукі.

Ніна Кахановіч са Старых Дарог некалі натхнілася творчасцю Алены Кіш. Размалёўвае сцены дамоў ці кватэр з тых часоў, калі сапраўдныя дываны былі ў дэфіцыце. Карцінамі аздобіла не толькі сваю кватэру, а і суседскія, таксама распісвала памяшканні ў бальніцы, школах і садках. Творчасць прысутнічае ва ўсіх яе справах: піша вершы, спявае, у маладосці іграла ў самадзейным тэатры.

Наіўнае ці інсітнае мастацтва - гэта прастата, арыгінальнасць і шчырасць. Часам мастакі нават не маюць спецыяльнай адукацыі. Аднак свае работы, будзь то карціны ці драўляныя скульптуры, яны малююць сэрцам і душой. Тут, у Старых Дарогах, сама прырода натхняе на творчасць.

Самы малады ўдзельнік выставы інсітнага мастацтва ў Мінску - Марына Юрэвіч. Свой творчы шлях да прафесіі яна пачала ў мастацкай школе, скончыла Бабруйскі дзяржаўны каледж, а зараз завочна атрымлівае спецыяльнасць "настаўніка выяўленчага мастацтва" ў педагагічным універсітэце. Свае творчыя навыкі перадае дзецям у старадарожскай мастацкай школе.

Цікавасць да наіўнага мастацтва ва ўсе часы праяўлялі як людзі далёкія ад творчасці, так і вядомыя мастакі, такія, як Шагал і Малевіч. Напрамак прызнаны ва ўсім свеце і прадстаўлены ў музеях і мастацкіх галерэях. Бліжэй пазнаёміцца з работамі сучасных інсітных мастакоў Старадарожскага краю можна ў галерэі "Цэнтр" да 23 ліпеня.