"На крылах творчай душы" - выставачны праект у галерэі "Універсітэт культуры"

19 мая 2022
Акварэльныя і графічныя палотны, дызайнерскія рэчы ў тэхніцы батык і арыгінальныя шаўковыя свяцільні - аўтарскі праект Людмілы Баіравай "На крылах творчай душы" ў сталічнай галерэі "Універсітэт культуры". У экспазіцыі - не толькі мастацкія дасягненні прафесійнага майстра, але і яе вучняў. Людміла - кіраўнік студыі творчага развіцця і арт-тэрапіі пры Рэспубліканскім цэнтры экалогіі і краязнаўства ў Мінску. У аб'яднанні займаюцца і дзеці, і дарослыя. Педагог і майстар выкладае асновы выяўленчага мастацтва, а таксама прапануе ўдзельнікам гуртка пясочную анімацыю. 

Сярод двухсот работ, якія дэманструюцца ў галерэі, - падборка на тэму экалогіі і аховы жывёльнага свету. Над гэтымі малюнкамі дзеці працавалі на працягу двух гадоў. У аб'ёмных палотнах адлюстравалі любімых прадстаўнікоў фаўны.