Маладзечна прымае першы Рэспубліканскі пленэр скульптараў "Вернісаж камянёў"

31 августа 2016

Маладзечна - культурная сталіца Беларусі - прымае першы Рэспубліканскі пленэр скульптараў «Вернісаж камянёў». Шматнацыянальная каманда майстроў стварыла вобразы з вялікіх валуноў. Каменныя скульптуры ўпрыгожаць сквер у цэнтры Маладзечна. Сакрэты беларускіх старажытных валуноў раскрыла і Ларыса Гулякевіч.

Тэндэнцыя арганізацыі такіх пленэраў мае сусветныя традыцыі, калі мастакі ды скульптары збіраюцца разам на некаторы час і ствараюць новыя творы мастацтва - шэдэўры. Аднак у Маладзечне такі «Вернісаж камянёў» адбыўся ўпершыню. Калектыўная праца натхняе, падказвае новыя ідэі і стварае здаровую канкурэнцыю. На працягу месяца майстры стваралі свае скульптуры з камянёў, ды не з простых, а з валуноў з гісторыяй.

Вось такія валуны - спадчына Беларусі з ледніковага перыяду. Матэрыял вельмі складаны для работы, ён сам падказвае скульптару тыя вобразы, якія існуюць унутры.

Валянцін Борзды, камісар пленэра, родам з Маладзечна. Некалькі гадоў выношваў ідэю такога мерапрыемства ў родным горадзе. Тым больш што такія валуны, якім дзясяткі тысяч гадоў, знаходзіліся менавіта на тэрыторыі горада.

Агульная тэма для майстроў - музычная. І не толькі таму, что Год культуры, Маладзечна заўсёды ганарылася сваімі музычнымі традыцыямі, не выключэнне і нацыянальны конкурс маладых выканаўцаў. На пленэры працавалі сем майстроў. Сярод беларусаў былі прадстаўнікі Арменіі і Расіі.

Дэкаратыўна-паркавыя скульптуры са старажытнага матэрыялу працягваюць старую і пачынаюць новую гісторыю ў сучасных вобразах і сімвалах радзімы.