Лікбез па тэатральным і выставачным Мінску ў рубрыцы "Праменад"

19 мая 2023

Вялікі тэатр жыве ў рытме вялікага юбілею. Свае 90 акадэмічная сцэна пачынае святкаваць ужо сёння, 19 мая. Нацыянальны мастацкі рыхтуецца не спаць да апошняга эстэта. Выставачная пляцоўка васмямнаццаты раз прымае міжнародную акцыю "Ноч музеяў". Прэм'ерныя экспазіцыі маладой арт-школы ў залах Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў. Лікбез па тэатральным і выставачным Мінску ў рубрыцы "Праменад".

Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў у асобах знаёміць з выпускнікамі "манументалкі" - Беларускай акадэміі мастацтваў. На Някрасава, 3 адразу чатыры прэм'ерныя экспазіцыі. Кожная з жаночым профілем. Рэалізацыя праектаў маладой школы ў выставачных залах - адзін з прыярытэтных напрамкаў работы арт-пляцоўкі, тут гатовы прымаць не толькі аўтараў, ангажуюць і куратараў.

У экс-майстэрнях народнага Савіцкага сёння эстэтычны квартэт. Дарына Даўгадзіліна, мастак-рэстаўратар, апелюе да тыпаў тэмпераментаў і стыхій. Малюе праваслаўныя профілі Мікалая Цудатворца і Божай Маці. Марына Трус шукае новыя ракурсы свайго генеалагічнага дрэва, грунтуючыся на архіўных сямейных кадрах. Лізавета Янкова звяртаецца да народных паэтаў Беларусі і прадстаўнікоў класічнай рускай школы. Таццяна Савік знаёміць з канцэптуальным артам.

Міхаіл Мірошнікаў, выконваючы абавязкі загадчыка аддзела Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў Беларусі:

Па-першае, яны працуюць на кантрасце, тут няма ніводнай падобнай выставы. Па-другое, яны па-рознаму прадстаўляюць нашу беларускую класічную школу, у прыватнасці Беларускую дзяржаўную акаэмію мастацтваў. Кожная выбірае свой стыль. У іх адзінае, што падобнае, - гэта тэхніка леўкас, у якой яны працуюць. Гэта старажытнаіканапісная тэхніка. Гэта як працяг развіцця беларускай класічнай школы.

На ўсіх магутнасцях у свае 9:0. Гала-канцэрт Вялікага з рэмаркай "Тэатр ў партрэтах, асобах і падзеях" збірае эстэтаў. У юбілейнай праграме задзейнічаюць усе творчыя трупы акадэмічных падмосткаў. Аповед пра высокае за операй, балетам, хорам, аркестрам, мімансам. Фокус на хіты рэпертуарнай афішы: ад "Макбет" да "Дзікага палявання караля Стаха". У наступны чацвер чакаем  спектакль, з якога пачыналася гісторыя Вялікага.

Міжнародны дзень музеяў працягваецца, сваё прафесійнае свята   супрацоўнікі сховішчаў скарбаў ужо сустрэлі. Наступны акт - доўгачаканая для эстэтаў бессань. "Ноч музеяў" афіцыйна ўступіць у свае правы 20 мая. Не спаць да поўначы плануе і Нацыянальны мастацкі. Канцэпцыю арт-недасыпання ад найбуйнейшай выставачнай галерэі краіны ўзору-2023 упакуюць у абгортку музейнага квартала.

Ужо  васямнаццаты раз Мастацкаму музею не да сну. Канцэпцыю акцыі сфармулявалі ў квартальным эквіваленце не выпадкова. Культурная ўстанова даўно перастала быць арт-пляцоўкай на вуліцы Леніна, 20, яна пашырыла свае плошчы і займела выставачны корпус на Карла Маркса, 24. Прымаць эстэтаў у "Ноч музеяў" будуць абодва будынкі,  уваходны білет для лакацый адзіны. Эксперыментальныя экскурсіі па залах беларускага мастацтва, музычныя па ад арфы да барока, майстар-класы ад Інстытута Канфуцыя - гэта толькі некаторыя штрыхі з рэпертуарнай палітры музея ў бяссонную ноч.

Дзіяна Шантар, куратар праекта "Ноч музеяў - 2023. "Музейны квАРТал":

У гэтую ноч мы прэзентуем праект, над якім мы працавалі паўгода, з вядучым брэндам беларускага адзення. Будзе дэманстравацца летняя калекцыя адзення з творамі нашых мастакоў, якія прадстаўлены ў нас у пастаяннай  экспазіцыі. Я думаю, мы здзівім нашых гледачоў. Акрамя гэтага чакае адкрыццё новай выставы "Станіслаў Жукоўскі. Пункт прыцягнення - сядзіба". Адразу ж пасля адкрыцця ўсіх гасцей запрашаем на экскурсію-прэзентацыю ад куратара.

Такім быў арт-дайджэст гэтага тыдня. Сачыце за навінамі ў рубрыцы "Праменад" кожную пятніцу і выбірайце свой культурны маршрут.