Леаніду Захлеўнаму 75 гадоў - пра мелодыю жыцця і творчасці народнага артыста

16 января 2022

Яго песні ведае кожны беларус, і іх часта называюць народнымі. Бо аснова яго творчасці - меладызм, лірычнасць, фальклорная традыцыя нацыянальнай музычнай спадчыны. Юбілей адзначае кампазітар і мастацкі кіраўнік ансамбля "Бяседа" Леанід Захлеўны. Народнаму артысту Беларусі - 75 гадоў! Мы з гонарам можам сказаць - наш чалавек - бо служэнню Белтэлерадыёкампаніі ён аддаў больш за 30 гадоў. З юбілеем кампазітара павіншаваў і кіраўнік дзяржавы. 

Як прызнаецца маэстра, работа ў структуры медыяхолдынга стала лёсавызначальнай, менавіта тут ён стварыў свой галоўны твор - ансамбль народнай музыкі "Бяседа" - калектыў, дзякуючы якому наш музычны набытак ведаюць ад Карэі і Кітая, праз усю Еўропу і да Венесуэлы. Часова ў склад "Бяседы" ўвайшла і Вольга Мядзведзь.