Сакральны музычны інструмент народа - у ЮНЕСКА разгледзяць дасье "Культура беларускай дуды"

11 февраля 2024

Беларускую нематэрыяльную культурную спадчыну без усякіх але прызнаюць ва ўсім свеце. Зараз пад грыфам "адобрана ЮНЕСКА" - 5 беларускіх традыцый. Чакаюць уключэння ў сусветны спіс выцінанка, неглюбскі тэкстыль. Рыхтуем і яшчэ адзін унікальны інструмент - беларуская дуда (не блытаць з шатландскай валынкай, якой, дарэчы, вайну пачыналі,  беларускі інструмент выключна сакральны і мірны).

Нашу дуду, вядомую з канца 13-га стагоддзя, без прычын забыліся ў даваенных дакументах. Час адраджаць цэлую культуру, абвеяную легендамі і міфамі. Сёння з тысяч духавых захавалася толькі 2 рарытэты. Але чаму іх не ўбачыць у музеях? І ці выйдзе беларуская дуда на фабрычную вытворчасць?  Ведае наш культурны аглядальнік Лідзія Заблоцкая.

"Культура беларускай дуды Віцебшчыны" ўключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі. Гэта ўжо 22 элемент нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны, які існуе на тэрыторыі паўночнага рэгіёна краіны. Найстарэйшы з музычных інструментаў у Беларусі - дуда 1877 года - захоўваецца ў Лепельскім краязнаўчым музеі.

Дуда - беларускі традыцыйны архаічны духавы музычны інструмент. Быў распаўсюджаны на тэрыторыі Беларусі са старажытных часоў. Меў вялікае сакральнае значэнне як зроблены з ахвярнай жывёлы. Дуда выкарыстоўвалася ў рытуалах, звязаных з галоўнымі момантамі жыцця чалавека: на хрэсьбінах, вяселлях, пахаваннях. Да канца XIX - пачатку XX стагоддзяў яна была адным з асноўных народных музычных інструментаў.

У глушы гісторыі аднойчы мы згубілі, страцілі беларускую дуду.  Але на наша шчасце, знайшліся неабыякавыя людзі, якія пратапталі сцежку да яе адраджэння.

Калі Ясь канюшыну касіў без гукаў дуды ў пачатку 70-х, значыць, Мулявіну, які прыехаў са Свярдлоўска, проста пра інструмент не расказалі. Гэта час, калі ўпэўнена пелі цымбалы. А дуды быццам бы ніколі і не існавала.

Дудар, даследчык, этнограф, майстар музычных інструментаў Алесь Лось распавёў, што ў вёсках ігралі дудары. Было шмат замалёвак і фатаграфій дуды, але не зразумела было, як рабіць, які дыяметр свідраваць, і яму прыйшлося самому даследаваць. Майстру хацелася расплюшчыць вочы тым, хто пра дуду нічога не ведаў.

Мастак па адукацыі Алесь Лось пайшоў праз "зараснік" дударскай гісторыі і высякаў прабелы. Ён першы зрабіў пасляваенную дуду.

У 86-м паралельна з першымі канцэртамі вывучаў малюнкі Пітэра Брэгеля, працы Нікіфароўскага. Ездзіў у экспедыцыі, збіраў звесткі пра дудароў. У выніку - відэа на 24 гадзіны.

Сельскія жыхары распавялі, што да вайны дудароў забіралі ў Маскву, а для чаго, яны не ведаюць.

Гэта пасля ў архівах дзяржынскіх здзмуць пыл з навуковай сенсацыі. Адзіная даваенная відэафіксацыя. Кіначасопіс "Советское искусство". 1939 год. Беларускія песні і пляскі адбіралі для Усесаюзнай сельскагаспадарчай выставы.

Стужка пачынаецца з дудароў. На той момант менавіта дуда - галоўны інструмент беларусаў. Так вырашыў у 20-я гады Народны камісарыят асветы, што ўзначальваў Луначарскі. 

Алесь Лось, дудар, даследчык, этнограф, майстар музычных інструментаў:

Дзясяткі запісаў аўтэнтычных дудароў менавіта засталіся ў архівах Дома Пушкіна. Студыя грамзапісу. Стаўка і палітычная. Былі плакаты "Чырвоны дудар! Сапраўдны ваяр". Ад музыкі селянін. Але пачалася вайна.

Віцебчшына - край дудароў і спаленых вёсак. Міфічныя інструменты гарэлі разам з майстрамі. Не засталося ні тэхналогіі, ні людзей - толькі фота і ўспаміны. Цымбалы занялі статус галоўнага інструмента краіны, іх прадзюсар - Іосіф Жыновіч.

Адгалоскі старажытнай дуды чутныя і сёння, але з замежжа. Некалькі дзясяткаў беларускіх інструментаў як каштоўнасць музеяў Вільнюса, Санкт-Пецярбурга і Масквы. У Беларусі толькі дзве дуды 19-га стагоддзя. За старэйшую з вядомых - 1872 года - адказвае Краязнаўчы музей Лепеля.

Год як скарбонка горада ў больш за 30 тыс. экспанатаў пераехала  ў новы будынак. Гэта былы вінаачышчальны склад. І ён малодшы за галоўную каштоўнасць музея - дуду. Але замест прымы ў галоўнай экспазіцыі гучыць пакуль толькі дрыль. Вядзецца рамонт. А сам рарытэт хаваецца пад пяццю замкамі - у фондасховішчы. Чакае выхаду на сцэну.

Вольга Бубнова, галоўны захавальнік фондаў Лепельскага раённага краязнаўчага музея:

Гэта дуда датуецца 1872 годам. Да нас у музей яна паступіла ў 1966 годзе. Улічваючы тое, што яна самая старая ў Беларусі, вядома, гэта галоўны экспанат у нас у музеі.

Лепельская княжна з ясеня і скуры цяляці яшчэ ніводнага разу не была на рэстаўрацыйным стале, як і другая старажытная каштоўнасць, якая бачыць сны ў фондасховішчы Новага замка ў Гродне.

Алена Рапінчук, намеснік дырэктара Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея:

Працяглы час у экспазіцыі этнаграфіі ў Гродзенскім Старым замку дуда гэтая экспанавалася. А  ў той час, калі з 2019 года Стары замак быў зачынены на рэстаўрацыю, яна знаходзіцца ў фондасховішчы нашага музея. У планах - далейшае экспанаванне дуды, таму што на Беларусі іх адзінкі.

Беларуская дуда і шатландская валынка - рэчы розныя. Ёсць адрозненні ў канструкцыі, дэкоры. І мэты! Шатландцы распрацавалі свой інструмент у 19-м стагоддзі для ваенных спраў. А беларуская дуда - выключна сакральная і куды старэйшая.

За 40 гадоў адраджэння беларускай дуды зроблены дзясяткі новых інструментаў. Метадам проб і памылак.

Народны майстар па вырабе музычных інструментаў,  лаўрэат спецпрэміі Прэзідэнта Мар'ян Скрамблевіч расказаў - пасля таго, як разваліўся Саюз, прыйшоў новы дырэктар, і яго хор разваліўся, а ён пайшоў токарам на завод, потым па кнігах і ў інтэрнэце пачаў шукаць, як рабіць інструменты.

За 30 гадоў Мар'ян Скрамблевіч стаў народным майстрам краіны. Яго маленькая майстэрня выпусціла ў свет больш як 200 "жывых" інструментаў. Тут і дуды!

Працу адзначаў Прэзідэнт у 2021-м. Аляксандр Лукашэнка ўвогуле ніколі не ставіўся абыякава да народных мелодый.

У верасні 2018-га кіраўнік дзяржавы ацэньвае гучанне новых узораў выключна беларускіх цымбалаў, скрыпак. Адну з такіх стварыў Аляксандр Сурба. Але ён не толькі скрыпічных спраў майстар - пачынаў з дуды.

Аляксандр Сурба, вядучы навуковы супрацоўнік Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, майстар музычных інструментаў:

Выраб гэтых інструментаў суправаджаецца творчым працэсам. У гэтым ракурсе мы не можам дапусціць, каб інструмент пачаў вырабляцца масава, быў спрошчаны максімальна. Ва Універсітэце культуры і мастацтваў  існуе лабараторыя-майстэрня, дзе мы займаемся даследаваннем гэтага інструмента, яго вырабам і рэстаўрацыяй.

Вакол кансерватыўнага інструмента, чыя біяграфія на беларускай зямлі доўжыцца з канца 13-га стагоддзя, цэлая культура. Толькі з дудой праводзілі абрады пахавання. Археолагі знаходзілі мех з адтулінамі для трубак падчас раскопак у Віцебску. А самую раннюю выяву дуды 16-га стагоддзя ўбачылі ў Магілёўскай вобласці. Дуда суправаджала жыццё беларуса.

Гэта і адлюстроўваюць у сяміхвіліннай стужцы, што зараз рыхтуецца для ЮНЕСКА.

Артур Ільіных, дацэнт кафедры кіно і тэлебачання Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, рэжысёр-пастаноўшчык:

Матэрыял, які тут існуе, дазваляе стварыць выяву нашых дзядоў па фатаграфіях, як яны жылі без тэлевізара, без музыкі. Аказваецца, яны весяліліся яшчэ лепш, чым у наш час. Вось гэта мяне зачапіла. Водгук гэтых бабуль, дзядуль, прабабуль паднімае хвалю самасвядомасці і датычнасці да вялізнай радзімы, да нашай дзяржавы.

Фільм - гэта галоўны аргумент у пакеце дакументаў для ЮНЕСКА. Эксперты Міністэрства культуры зараз - на фінішнай прамой у зборы дасье. Але, на жаль, сусветную прэм'еру нашага культурнага кода мы пабачым няхутка.

Генадзь Ходар, кансультант Міністэрства культуры Беларусі:

У нас сёлета запланаваны разгляд у ЮНЕСКА элемента "Беларуская выцінанка". Праз 2 гады ў 2026 годзе запланаваны разгляд элемента, які мы ўжо падалі, "Няглюбская тэкстыльная традыцыя ў Гомельскай вобласці". І, нарэшце, у 2028 годзе будзе разгледжана дасье "Культура беларускай дуды" ў адпаведнасці з рэгламентам, які ўстаноўлены ЮНЕСКА.

Бліжэйшыя чатыры гады могуць быць толькі на руку: так, ёсць час, каб стварыць новы дударскі фестываль, і месца яму - у Мінскай вобласці. Менавіта тут жыве большая колькасць носьбітаў гэтай музычнай культуры. Ёсць час, каб нехта з Брэсцкага рэгіёна стаў першым, хто ажыццявіць дударскую культуру ў гэтым краі. З прапаноў - адкрыццё музея дуды і дударскія сустрэчы ў школах.

"Вельмі істотна, калі знак народнай культуры, фальклору робіцца знакам нацыянальнай палітыкі. Тады ён з'яўляецца сімвалам нацыі", - считает Аляксандр Сурба.