Фонды Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі зноў пераязджаюць

13 марта 2017

Сёння гэта самы буйны музейны збор краіны - яго лік набліжаецца ўжо да паўмільёна - ад найрэдкіх залатых упрыгожванняў да вырабаў масавай савецкай вытворчасці. І часцяком часовым прыстанкам для артэфактаў становяцца будынкі зусім не прыстасаваныя для гэтага. Рашэнне праблемы - адзіны дэпазітарый. План яго будаўніцтва ўжо вынесены на абмеркаванне. Дзе зараз будуць захоўвацца гістарычныя каштоўнасці, даведвалася Алена Борматава.

Трэці пераезд за пяцігодку. Увесь гэты час чамаданнае жыццё супрацоўнікаў Нацыянальнага гістарычнага музея ішло паралельна з навуковымі даследаваннямі. Добра вядомы «будынак з гарматай» доўгі час дзяліў плошчы з музеем прыроды і экалогіі, які потым стаў філіялам установы. Там плошчаў катастрафічна не хапае. Праблему вырашыць рэспубліканскі дэпазітарый, дзе змогуць захоўваць фонды ўсе беларускія музеі. Аднак будаўніцтва яшчэ не пачалося, вось і прыходзіцца шукаць памяшканні для фондавых калекцый.

Некалькі гадоў фонды Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі размяшчаліся на арандаваных плошчах. Будынак, дзе раней знаходзілася 24 паліклініка, больш вядомая як медкамісія. Памяшканні, якія зусім не прыстасаваныя для музейных экспанатаў. Гістарычныя каштоўнасці прыходзілася захоўваць нават у санітарных пакоях. Вось тут, напрыклад, было сховішча скульптуры.

Вядома, пра музейныя тэхнічныя сродкі і гаворкі быць не магло. Ні тэмпературна-вільготнага рэжыму, ні спецыяльнага абсталявання для захоўвання габарытных прадметаў. Тут жа працавалі і рэстаўратары. У гэтых памяшканнях якраз і аднаўлялі літургічнае адзенне каталіцкага святара - арнат са слуцкіх паясоў.

Майстэрні з неабходным абсталяваннем і вялікай колькасцю дзённага святла для рэстаўратараў. Новы арандаваны будынак - гэта 40 памяшканняў, больш за дзве тысячы квадратных метраў. Лепшы варыянт на сёння. Пакоі для фондаў, навуковых супрацоўнікаў і бібліятэкі ў некалькі дзясяткаў тысяч тамоў. Упершыню за апошнія гады рэстаўратары будуць працаваць побач з захавальнікамі калекцый. Бо тут амаль усе зборы музея. Буйныя экспанаты размясцілі ў вялікім падвальным памяшканні. Мэбля - венецыянскія крэслы мінулых стагоддзяў разам з гістарычным радзівілаўскім гарнітурам са слановай скуры - у асобным памяшканні. Для каштоўнасцяў набылі новае музейнае абсталяванне. Фонды - пад сігналізацыяй.

Хутка агульная вага фондаў павялічыцца яшчэ на пяць тон. Зараз да пераезду рыхтуюць буйную калекцыю фарфору - 10 тысяч прадметаў. Гістарычнаму іх перадалі пасля закрыцця Мінскага фарфоравага завода. Калекцыя каштоўных металаў і зброі застаецца на Карла Маркса. Там памяшканні адпавядаюць патрабаванням Міністэрства ўнутраных спраў.

Зараз будзе вырашацца пытанне наконт кандыцыяніравання памяшканняў. А вось з сістэмай пылавыдалення, якая неабходна любому фондасховішчу, пакуль праблема. Таму старадрукі, захоўванне якіх адбываецца згодна з жорсткімі міжнароднымі патрабаваннямі, зберагаюць на арандаваных плошчах у Нацыянальнай бібліятэцы.