Больш за 20 гадоў полацкая майстрыха займаецца вырабам паясоў

26 января 2019

Пояс - лінія жыцця. З даўніх часоў гэтая дэталь адзення для нашых продкаў была не проста аксесуарам у гардэробе, а сімвалам, абярэгам. Таму ў куфры кожнага беларуса паясоў было шмат. І кожны з арнаментам, зашыфраванымі сімваламі сонца, багацця, здароўя. Гісторыю паясоў добра ведае Ніна Ярмух. Больш за 20 гадоў полацкая майстрыха займаецца іх вырабам. Прычым тчэ стракатую тасьму на дошчачках. Сакрэты старажытнай тэхналогіі даведалася Вольга Маслоўская.

Майстар-клас па пляценні паясоў - справа для Ніны Ярмух звычайная. Шмат хто спрабуе навучыцца гэтаму рамяству, але далёка не кожнаму хапае цярпення. Рукадзелле - справа карпатлівая, патрабуе ўседлівасці. Толькі ў гэтым выпадку атрымліваюцца прыгожыя самабытныя вырабы.

Самы любімы ткацкі інструмент майстрыхі - дошчачкі. Яны не займаюць шмат месца, іх можна ўзяць з сабой у дарогу і ткаць вырабы нават у цягніку.

Багацце перапляценняў залежыць ад колькасці дошчачак, задзейнічанных у працэсе. Нашы продкі выкарыстоўвалі драўляныя дошчачкі - яны цяжкія, больш за 12 у руку не возьмеш. Ніна Ярмух замяніла іх кардоннымі, у справу ідуць аж два дзясяткі інструментаў. Таму і паясы атрымліваюцца багатымі на арнамент.

Пояс быў элементам не толькі святочнага касцюма. Яго павязвалі нават тады, калі ішлі працаваць у полі. Прашчуры верылі: калі кашуля прылягае шчыльна, доступ нячыстай сілы да цела немагчымы.

Паясы Ніны Ярмух носяць у Расіі, Украіне, Японіі, Амерыцы, Польшчы, Іспаніі, Аргенціне. А нядаўна творчасць полацкіх майстроў ацанілі ў Францыі. Клуб лапікавага шыцця “Рошва”, кіраўніком якога з’яўляецца Ніна Ярмух, прэзентаваў на Міжнародным фестывалі тэкстыльнай творчасці свае габелены і пано. Сёння працы можна ўбачыць на выставе ў Наваполацкай бібліятэцы імя Маякоўскага.

Дарэчы, менавіта рукамі майстрых клуба “Рошва” створаны полацкі абярэг. У палатно плошчай больш за 90 квадратных метраў ушыты кавалачкі тканіны, якія ўраджэнцы Полацка дасылалі з розных краін да юбілею горада ў 2007 годзе. Абярэг трапятліва захоўваюць і дэманструюць на вялікія святы.