"Анталогію прыгажосці" традыцыйнага беларускага касцюму ў Дзень горада прэзентуе Нацыянальны мастацкі музей

7 сентября 2023

Выставу традыцыйнага беларускага касцюма  ўрачыста адкрыюць  9 верасня, а сёння яе стваральнікі паказалі ўнікальны збор нашай здымачнай групе! Экспазіцыя яшчэ дапрацоўваецца: апранаюцца манекены, прасуюцца дэталі адзення, на сталах - эскізы, а ў руках навукоўцаў - ніткі з іголкамі і шпількі.Тым цікавей было паглядзець "знутры" на праект, які беларускія этнографы ўжо назвалі самым яркім і маштабным! Наталля Бардзілоўская - з падрабязнасцямі.  

Гардэроб нашых прапрашчураў час ад часу дэманструюць розныя музеі і дамы творчасці: у рэгіёнах беларусы збіраюць, вывучаюць і дэманструюць традыцыйныя народныя строі. Але такога маштабу, разнастайнасці і насычанасці калекцыі (па словах знаўцаў) наша краіна яшчэ не бачыла! Сапраўды анталогія: па зборы, які вось-вось прэзентуе Нацыянальны мастацкі музей, можна вывучаць эвалюцыю ткацтва і вышыўкі, традыцыі нашэння нацыянальнага адзення - будзённага, святочнага, абрадавага. Увогуле па строях - аўтэнтычных і дакладных іх рэканструкцыях - магчыма прачытаць характар ураджэнцаў таго ці іншага куточка Беларусі, іх род заняткаў, грамадскія і сямейныя традыцыі і нават асаблівасці прыроднага асяроддзя, у якім пражывалі тыя ці іншыя этнічныя групы

"Касцюмную анталогію" складалі "ўсім светам": Віцебскі, Гродзенскі музеі, дамы рамёстваў Гарадка, Сяно і Оршы прадаставілі самыя каштоўныя свае экзэмпляры. Вось унёсак ад скансэна ў Строчыцах: беларускі музей народнай архітэктуры і побыту прапанаваў на агляд рэдкі від народнага строю - дзіцячы, а таксама арыгінальныя экзэмпляры мужчынскага адзення. Сын знакамітага збіральніка фальклорных вобразаў Міхаіла Раманюка - Дзяніс - выдзяліў да выставы бацькоўскія здымкі з сямейнага архіва. У экспазіцыі - графіка Лявона Баразны, жывапіс Міхаіла Філіповіча. Экспанатурай і навукова-даследчым вопытам дапамагае складаць выставу і Нацыянальная акадэмія навук з калекцыяй ад аддзела старажытнабеларускай культуры Інстытута мовазнаўства, этнаграфіі і фальклору. Праект пад чулым кіраўніцтвам унікальнага спецыяліста акадэміі  Марыі Віннікавай - ніхто, як яна, не валодае сёння ўсімі сакрэтамі завівання наміткі - традыцыйнага галаўнога ўбору беларусак.

200 прадметаў выяўленчага мастацтва плюс амаль сотня касцюмных камплектаў - выстава ў лічбах. Больш знаёмыя калекцыі Палесся і Цэнтральнай Беларусі. І дэманстрацыя малавядомых збораў: Панямоння і Падзвіння.

На гэтай выставе кожны зможа знайсці свой рэгіён! Вось я, напрыклад, родам з Магілёва і Магілёўшчына, Падняпроўе ў экспазіцыі паказана даволі багата. Напрыклад, гэты строй – шклоўскі! Што для яго характэрна?! Тканая хустка, якая завязана турбанам. Грубая, шэрага лёну кашуля. А галоўная іскрынка тут – фартух! Ён вытканы ў тэхніцы шматрэмізнага ткацтва. Геаметрычныя фігуры даюць незвычайны спецэфект. Вось так падрабязна і дакладна можна расказаць пра любы касцюм і любы рэгіён!

Лічыцца, што народны беларускі касцюм выключна сялянскі. Але асаблівасць нашай культуры ў тым, што яна ўбірала ў сябе і арыстакратычныя, шляхетныя традыцыі. ПрадстаўнікІ высакародных фамілій укладаліся ў мясцовую вытворчасць, развівалі мануфактуры: тыя ж Слуцкія паясы. Працаваў жа на такіх прадпрыемствах просты люд, які і пераносіў тэхналогіі сабе, на хатнія кросны. Так развівалі свой густ і майстэрства вясковыя майстрыхі. Беларускі, ад прыроды таленавітыя і працалюбівыя. А яшчэ "белагаловыя" - так называлі нашых у суседніх краінах, падкрэсліваючы: мы беларусы - светлыя, мірныя, чыстыя.