Аляксей Грос лідзіруе ў фінале Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск-2016"

17 июля 2016

Напярэдадні члены журы ацанілі выступленне Аляксея Гроса максімальнымі адзнакамі. І ўжо праз некалькі гадзін артысты прадоўжаць вакальную барацьбу. Дарэчы, "Славянскі базар" можа трапіць у Кнігу рэкордаў Гінеса. У гэтыя хвіліны ў Віцебску праходзіць вершамарафон. Удзельнікі за дзень маюць намер прадэкламаваць тысячу паэтычных твораў, прысвечаных гораду.

За творчым спаборніцтвам назірае наша здымачная група.

На прамой сувязі са студыяй Іна Пілевіч. Нягледзячы на выхадны, жыхары Віцебска прачнуліся сёння рана. І ўсё для таго, каб прызнацца ў любові роднаму гораду ў рыфме. Вершамарафон стартаваў а 7-й гадзіне раніцы.

Месца правядзення акцыі дастаткова сімвалічнае - аўтары і проста аматары паэзіі сабраліся ля помніка Пушкіну. Побач з манументам усталяваныя два мікрафоны. Чытальнікі выступаюць у парадку, вызначаным арганізатарамі. Рэч у тым, што папярэдне ўсе, хто жадаў прыняць удзел у марафоне, дасылалі свае звесткі і вершы спецыяльна сфарміраванай камісіі. Яна і адабрала лепшыя творы. Аматары жывога слова дэкламуюць у рэжыме нон-стоп.

А зараз да нас далучылася арганізатар акцыі "1000 вершаў пра Віцебск" Улада Цвікі (відэа).

Дарэчы, удзельнікі марафону зачытваюць у сярэднім 60 вершаў за гадзіну. І ўсе яны прысвечаныя Віцебску. Мерапрыемства праходзіць у памяць пра Давыда Сімановіча - вядомага паэта, які пісаў літаратурныя прызнанні ў любові да горада на Заходняй Дзвіне. Таму, хто не паспеў падрыхтаваць творы, адпаведныя тэматыцы марафону, але жадае прыняць удзел, не варта адчайвацца. Арганізатары падрыхтавалі цэлы збор вершаў для тых, хто будзе проста праходзіць паблізу. Так што лёс рэкорду залежыць ад кожнага з нас.