23 старонкі "Бібліі" Францыска Скарыны ў агульнай даступнасці

24 августа 2017

Адчуць сябе першадрукаром і дакрануцца да скарынаўскай эпохі. Да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання кожны, хто жадае, можа сваімі рукамі стварыць старонку ў Нацыянальным гістарычным музеі. Разам з дзеючай копіяй станка экспануецца электронная “Біблія”.

Расказвае Вольга Мядзведзь.

Узмах рукі - і мы чытаем фаліянт 500-гадовай даўніны. Дзякуючы сучасным тэхналогіям 23 старонкі "Бібліі" Францыска Скарыны ў агульнай даступнасці і не схаваныя за музейным шклом. Электронная кніга зусім не арыгінальных памераў, у кішэню не схаваеш, метр сорак на метр восемдзесят. Гартаць томік першадрукара можна не датыкаючыся, толькі праводзячы рукой за дзесяць сантыметраў ад спецыяльнай фотапрылады, якую ўбачылі толькі мы, для наведвальнікаў яе схаваюць.

Разам з «Бібліяй» экспануецца і станок, на якім Скарына стварыў сваё першае выданне. Праўда, копія, ад мастака Юрыя Сухава. Для наведвальнікаў прыладу, а з ёй тэхніку друку вырашылі не палягчаць, дакладная, як у Скарыны, хіба што фарба не натуральная, а па сучасных тэхналогіях.

Літары для адбітка стваралі з пэўных сплаваў металу, яны больш даўгавечныя, чым драўляныя. Пасля замацавання паперы, прамалёўвання нарыхтоўкі і гэтак далей будучая старонка кнігі трапляе пад прэс ціскам у 4 тысячы 135 кілаграмаў, што немагчыма выканаць уласнымі намаганнямі. Хоць выданні ўжо і не пісалі ўручную, друк часам рабілі пад рукапісны. Такія экзэмпляры былі ў некалькі разоў даражэйшыя.

Нескладанымі рухамі на паперы робіцца адбітак неабходнага тэксту ці малюнка. У сучаснасці выраб такой гравюры займае ўсяго некалькі хвілін. Але ў скарынаўскую эпоху, каб надрукаваць хаця б старонку, патрабавалася значна болей часу без уліку стварэння самой паперы. Яна, дарэчы, перажыла пяць стагоддзяў, у той час як цяперашняя сыравіна не выжывае і некалькі дзесяцігоддзяў.