Юбілейны для Магілёўскай вобласці дзіцячы дом сямейнага тыпу адкрыўся ў Клічаве

9 января 2016

Юбілейны для Магілёўскай вобласці - 50-ты - дзіцячы дом сямейнага тыпу адкрыўся ў Клічаве. Уваходзіны справілі Захар і Юлія Кундзікавы. Што цікава, яны самі раней выхоўваліся ў дзіцячым доме сямейнага тыпу. Пакуль у іх чацвёра прыёмных дзяцей, але, кажуць, гэта толькі пачатак вялікай сям’і.

Рэпартаж Юрыя Пракапенкі. Прыгажуня ёлка, накрыты ў гасцёўні стол для вялікай сям’і, водар мандарынаў і шмат падарункаў. У малых сапраўднае свята.

Дом для сям’і Кундзікавых пабудавалі ў Клічаве за сродкі абласной інвестыцыйнай праграмы і дапамогі Беларускага дзіцячага фонду. У прасторным двухпавярховым катэджы месца хопіць усім. Без перабольшання гэту сям’ю можна назваць шчаслівай. Дзеці асвоіліся

і хутка знайшлі агульную мову з бацькамі.

З першага погляду маці ў гэтай сям’і не адрозніш ад старэйшай сястры. Юліі Кундзікавай усяго 21 год. Яна студэнтка Мінскага педагагічнага ўніверсітэта. Вучыцца на настаўніка-дэфектолага. Юля таксама выхоўвалася ў сямейным дзіцячым доме. А цяпер з сынам сваіх прыёмных бацькоў – Захарам – яны стварылі ўжо сваю, таксама шматдзетную сям’ю.

Муж і жонка Кундзікавы плануюць зрабіць сваю сям’ю яшчэ большай. Хочуць і самі нарадзіць, і прыёмных дзяцей узяць. Кажуць, падтрымка адчуваецца. Гэты дом абышоўся дзяржаўнаму бюджэту ў 2 мільярды рублёў. Тут новая мэбля, сучасная бытавая тэхніка. Да наваселля сям’я атрымала падарункі ад гасцей.

У Магілёўскай вобласці развіццю сямейных форм уладкавання дзяцей, ад якіх адмовіліся бацькі, надаецца вялікая ўвага. Рэгіён у гэтым кірунку ўзорны.

У 2016 годзе ў рэгіёне плануецца адкрыць яшчэ два новыя дзіцячыя дамы сямейнага тыпу. У Беларусі даўно пайшлі па шляху адмовы ад звычайных дзіцячых дамоў. Цяпер імі сталі дзіцячыя дамы сямейнага тыпу. Жыццё паказала – будучыня за імі.