Аднаўленне святынь Беларусі - адзін з этапаў захавання гісторыка-архітэктурных каштоўнасцей краіны

20 апреля 2019

Па некалькі адзінак з іх штогод зноў вяртаюцца да жыцця, дзякуючы намаганням дзяржавы і неабыякавым да гісторыі родных мясцін мецэнатам. Сёлета рыхтуецца да адкрыцця і Пакроўскі храм, што ў Пустынках. Знакамітая турыстычная мека Мсціслаўскага раёна. Паломнікі з усяго свету едуць сюды, каб атрымаць асалоду ад спакою, вады з крыніц. На тыдні тут пачалася маштабная акцыя па добраўпарадкаванні святых месцаў, якая аб’яднае сёлета ўсю моладзь Беларусі. Пра яшчэ адну добрую справу - Андрэй Ястрабаў.

Гісторыя гэтага мястэчка непарыўна звязана з гісторыяй Мсціслава. Тутэйшы князь Лугвен, які потым прымаў удзел у знакамітай Грунвальдскай бітве, вылечыўся, дзякуючы мясцовым крыніцам і загадаў пабудаваць тут манастыр.

Заснаваны яшчэ ў 14-ым стагоддзі ён не аднойчы мяняў сваё прызначэнне. Перад аперацыяй "Баграціён" у 1944 годзе тут была база жаночага палка начных бамбардзіроўшчыкаў. Другое жыццё манастыр атрымаў напачатку двухтысячных, калі яго пачалі аднаўляць. Самая значная падзея таго часу - з’яўленне абраза Ісуса Хрыста на адной са сцен.

Абраз нерукатворны, таму і сёння прываблівае паломнікаў і турыстаў. Як і званіца вышынёй амаль 60 метраў - бачная здалёк. Яшчэ адна адметнасць - незвычайная забудова мясцовых храмаў.

Сапраўдны дэсант валанцёраў высадзіўся ў Пустынках на тыдні. Сярод ахвочых зрабіць гэта месца больш утульным - студэнты і працоўная моладзь. Ачысцілі ад леташняй лістоты, пасадзілі сад у гонар юбілею вызвалення Беларусі.

Пабудавалі спуск да святой крыніцы - людзі яе назвалі Ефрасіннеўскай. І прыстасаванне для забору вады. Усталявалі лаўкі для адпачынку. Студэнты заўважаюць - гэта не праца, а задавальненне.

Менавіта ў Пустынках вырашана даць старт рэспубліканскай акцыі па аднаўленні святынь і крыніц Беларусі. І гэта толькі пачатак.

Тым часам да адкрыцця ўсё бліжэй Пакроўскі храм манастыра. Будаўнікі стараюцца. Для нас унікальны шанц прайсці па яго амаль адноўленых памяшканнях.

У манастыры ўпэўненыя - адноўлены храм стане сапраўдным упрыгажэннем комплексу. Яго яскравай жамчужынай.