Віцебская гідраэлектрастанцыя на апошнім этапе будаўніцтва

16 апреля 2016

Заходняя Дзвіна вярнулася ў старое рэчышча, і на Віцебскай ГЭС пачаўся мантаж энергаагрэгатаў. Гэта адзін з ключавых этапаў будаўніцтва самай магутнай гідраэлектрастанцыі Беларусі. Усяго на аб'екце ўсталююць чатыры турбіны. Маштабы новабудоўлі ацаніў наш карэспандэнт Артур Смалякоў.

Тут ужо добра бачныя абрысы будучай ГЭС. Пасля зімовага зацішша працы на будаўнічай пляцоўцы ідуць 24 гадзіны за суткі. У гідравузлах бетоннай сцяны ўсталяваныя энергаагрэгаты. Лопасці будуць прапускаць 200 кубаметраў вады за секунду.

На галоўным гідравузле бетонныя работы амаль завершаныя, а вось у былым абводным канале толькі пачынаюцца. Зараз тут будуюць шлюз. Яго шырыня складзе 13,5 метра. Тысячы вагонаў бетону спатрэбіцца для таго, каб Заходняя Дзвіна заставалася суднаходнай.

У рамках праекта будуюць дарожныя развязкі, высакавольтныя лініі, масты і ўмацоўваюць берагі Заходняй Дзвіны. Гэта каля 20 кіламетраў. Побач з кітайцамі працуюць і беларусы.

Віцебская ГЭС стане самай магутнай у краіне - 138 мільёнаў кілават за год. Гэтага хопіць, каб забяспечыць электраэнергіяй ўвесь Віцебскі раён. Калі вадасховішча запоўняць, тут з'явяцца і рэкрэацыйныя зоны, штучныя вадаёмы глыбінёй да трох метраў. Далей у планах стварэнне баз адпачынку.