Веткаўскія ручнікі

25 июня 2016

Неглюбскія ручнікі трапілі ў спіс гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі. У аграгарадку Неглюбка Веткаўскага раёна ткуць усе жанчыны. Больш за 200 узораў – такіх разнастайных ручнікоў вы не ўбачыце больш нідзе. Радзіму вядомага ручніка наведаў наш карэспандэнт Яўген Пабалавец.

Невялікая вёска Неглюбка цяпер вядомая далёка за межамі краіны. Папулярнае некалі ў Беларусі ткацтва ў такім самабытным выглядзе захавалі толькі ў гэтым мястэчку. Тут існуе павер'е: кожная дзяўчына павінна навучыцца ткаць ручнікі, інакш ніхто замуж не возьме.

Таццяна Дзямчыхіна пачала ткаць у 8 гадоў. Глядзела, як працуе маці, пераймала тэхніку і падбор узораў. У тыя часы ткалі сабе адзенне – вось гэтыя рэчы зробленыя сям’ёй Дзямчыхіных. У такім адзенні летам не горача, а зімой цёпла. Каўнерык старанна прашыты ўручную, кожны ўзор – гэта некалькі часоў працы. У такой спадніцы і замуж ісці было нясорамна.

Зараз у Неглюбцы адзенне ўжо не ткуць – больш зручна купіць у магазіне. Але ж натхненне засталося, як і жаданне рабіць прыгожыя рэчы. Перайшлі на ручнікі. Таццяна і сама яшчэ тчэ, і дачку з унучкай захапіла. Ірына за станком праводзіць амаль што не кожны дзень. Адзін ручнік – гэта тыдзень ці два руплівай працы. Працэс няспынны: каб зняць са станка гатовы ручнік, трэба пачаць рабіць новы. Толькі тады можна рэзаць матэрыял.

Больш за 200 узораў – такіх разнастайных ручнікоў няма больш нідзе. Неглюбскія ж зараз можна ўбачыць у Нью-Ёрку. Ёсць яны і ў адной з залаў ААН. У Мінску неглюбскія ручнікі можна будзе ўбачыць у ліпені падчас святочных мерапрыемстваў, прысвечаных Дню Незалежнасці.