У Жабінцы жыве майстар, які з олава стварае незвычайныя шахматы

28 июля 2017

Каралі, імператары, войскі розных эпох і народаў. У Жабінцы – горадзе-спадарожніку Брэста – жыве майстар, які з олава стварае незвычайныя шахматы. Амазонкі, войска Напалеона, Рымскай імперыі і царскай Расіі. На шахматным полі разгортваюцца сапраўдныя баталіі.

Вікторыя Патоня сустрэлася з аўтарам гістарычных мініяцюр. На шахматнай дошцы замест класічных фігур – мініяцюрныя копіі войскаў. Фрагмент Гальскай вайны. Прычым, створаны яны ўласнымі рукамі аматара гульні ў шахматы. Міхаіл Сялоў чатыры гады таму пераехаў у Беларусь з Мурманска. Гісторык па адукацыі цяпер “выкладае прадмет” даступна і наглядна. Дзякуючы незвычайнаму хобі.

Фігуркі вырабляюцца з олава ў ліцейнай майстэрні. Але спачатку майстар гістарычных мініяцюр вырабляе формы і мадэлі вось з такога пластычнага матэрыялу, куды і заліваецца метал. Так і нараджаюцца персанажы шахматных баталій.

Усе героі – дакладныя копіі. Інфармацыю пра амуніцыю, вонкавы выгляд воінаў майстар чэрпае з энцыклапедый і спецыяльнай літаратуры. Першыя 32 фігуры для шахматнага поля Міхаіл рабіў паўгода. І назваў калекцыю “Паўночная вайна”, дзе рускія супрацьстаяць шведам, або Пётр Першы - Карлу 12-му. Праца ювелірная, у ёй шмат нюансаў і сакрэтаў. У фаварытах майстра – перыяд Рымскай імперыі і вайна з Напалеонам 1812 года. А вось неабмежаваным полем для творчасці Міхаіл лічыць дыярамы.

Над самай маштабнай дыярамай у 500 персанажаў памерам два на два метры Міхаіл працаваў шэсць гадоў. Майстар узнавіў эпізод бітвы пад Ватэрлоа: атакі французскіх кірасіраў на англійскія карэ. А ўбачыць гэту работу сёння могуць наведвальнікі адной з прыватных галерэй Германіі.

Сёння ў калекцыі майстра – мініяцюрныя копіі знакамітых палкаводцаў, піраты, амазонкі, біблейскія і міфічныя персанажы. Міхаіл не арганізоўвае выставы, але яго работы разыходзяцца па ўсім свеце ў якасці падарункаў і сувеніраў. Ёсць у аўтара яшчэ адна задумка - стварыць алавяную калекцыю дома Раманавых.