У Столінскім раёне прайшоў фальклорна-этнаграфічны фестываль "Брацкая свечка"

23 января 2016

У Столінскім раёне прайшоў фальклорна-этнаграфічны фестываль "Брацкая свечка", прысвечаны ўнікальнаму народнаму абраду. Асноўнае дзейства разгарнулася ў невялікай вёсцы пад назвай Лука - сёння гэта адзінае месца, дзе захавалася старадаўняя традыцыя. Праводзіўся фестываль па блаславенні епіскапа Пінскага і Лунінецкага Стэфана, каб захаваць праваслаўную спадчыну Палесся.

Асновай фестывалю стала даўняя традыцыя - выраб вялікіх свечак у якасці ахвяравання на карысць храма. Для гэтага пасля Нараджэння Хрыстовага, напярэдадні Новага года па старым стылі, разам збіраюцца мужчыны вёскі Лукі.

Напачатку малебен на добрую справу. Потым асвячэнне галоўнага сімвала - чатырохметровай дубовай свечкі. Зрабіў яе народны майстар Іван Супрунчык. Бо справа гэта выключна мужчынская. Збіраць сродкі, купляць воск і рабіць свечку для ахвяравання на карысць храма - традыцыя некалькіх стагоддзяў.

Канцэртную праграму фестывалю падрыхтавалі навучэнцы школ Столінскага раёна, самадзейныя калектывы, мясцовыя праваслаўныя прыходы, а таксама дэлегацыя латышскага Ікшкіле - горада-пабраціма Століна.

Апоўначы адбываецца літургія з асвячэннем брацкіх свечак. Сёлета іх зрабілі тры: больш за кілаграм кожная. Для мясцовай капліцы, царквы ў Гарадной і дзіцячага хоспісу ў Пінску.

Сабраныя падчас фестывалю сродкі перададзены на патрэбы капліцы і сацыяльнаму цэнтру інвалідаў.