У паўночным рэгіёне краіны актыўна вядзецца прафілактыка мору рыбы

17 марта 2018

На возера з ледабурам, але не дзеля рыбалкі. У самым паўночным рэгіёне краіны актыўна вядзецца прафілактыка мору рыбы. Як правіла, такая негатыўная з’ява назіраецца на мелкаводдзі бяссцёкавых альбо слабапраточных азёр. Ледзяное покрыва вадаёмы скоўвае, і рыбе не хапае кіслароду. Пра метады прадухілення гэтай праблемы - Марына Раманоўская.

Некалькі ўпэўненых рухаў - і ў ледзяным покрыве - чарговая лунка. На возера Дыманоўскае, што ў Віцебскім раёне, рыбакі прыйшлі з ледабурам, але без снасці. Нядаўна ў вадаём выпусцілі белага амура. Таму рыбная лоўля тут пакуль забаронена.

Зараз, кажуць эколагі, асноўная задача - прадухіліць масавы мор рыбы. Таўшчыня ледзянога покрыва на гэтым невялікім возеры - паўметра. І каб насельнікам вадаёму хапіла кіслароду - самы просты і вельмі дзейсны метад - зрабіць лункі па ўсім возеры.

Ледабурамі і тапарамі ўзброіліся не толькі рыбакі. Сезон добрых спраў пачалі дачнікі і энтузіясты, якім не абыякавы лёс возера - любімага месца адпачынку. Пакуль мужчыны робяць лункі, жанчыны ўсталёўваюць трысняговыя слупы і абавязкова агароджваюць хэнд-мэйд канструкцыю. Усё згодна з тэхналогіяй.

Некалькі хвілін - і ў руках спецыялістаў вынікі экспертызы. Тэмпература, кіслотнасць і самы галоўны паказчык – колькасць кіслароду - у норме. Самы галоўны вынік: мор рыбы на гэтым возеры ўдалося папярэдзіць.

Рабіць лункі на гэтым “клёвым месцы” не прыйшлося. Кіслароду хапае, дзякуючы паветранай сістэме аэрацыі вады. Спецыяльнае абсталяванне арандатар праверыў летась. Як вынік - насельнікі возера перазімавалі выдатна.

У паўночным рэгіёне краіны - больш за дзве тысячы азёр. Сорак з іх, як паказваюць лабараторныя даследаванні, у зоне рызыкі. Зараз там актыўна вядзецца прафілактыка мору рыбы. Дарэчы, на возеры Дыманоўскае, энтузіясты нават арганізавалі міні-спаборніцтвы па бурэнні лунак. Кажуць, перад дачным сезонам такая размінка толькі на карысць.