У Асіповічах адкрыўся сучасны млынкамбінат на філіяле Бабруйскага камбіната хлебапрадуктаў

31 октября 2015

За кошт мадэрнізацыі вытворчасці цяпер за суткі можна перапрацоўваць каля 80 тон пшаніцы і 150 тон жыта. Новая лінія дазволіла пазбавіцца ад ручной працы. Нашы магілёўскія карэспандэнты пабывалі на цырымоніі запуску новай вытворчасці.

Мадэрнізацыя Асіповіцкага млынкамбіната - прыклад зацікаўленасці замежных бізнесменаў у інвестыцыі ў беларускую эканоміку. Работы Бабруйскаму камбінату хлебапрадуктаў абышліся на 127 млрд рублёў, 103 з іх - замежныя крэдытныя лініі.

Вось так далі старт рабоце сучаснага млына. Мадэрнізацыя вытворчасці доўжылася два гады. Высокакваліфікаваныя спецыялісты цяпер кіруюць працэсам праз камп'ютар.

Падобныя лініі паспяхова працуюць на іншых прадпрыемствах хлебапрадуктаў Беларусі. Аднак у Асіповічах - апошняя мадэль машыны. Так што гэты млын, паводле слоў спецыялістаў, лепшы ў Беларусі.

За суткі Асіповіцкі млынкамбінат цяпер можа перапрацоўваць каля васьмідзесяці тон пшаніцы і ста пяцідзесяці тон жыта. Прычым вырабляюць тут усе віды мукі і ў рознай фасоўцы. Прадпрыемства мае намер адваяваць ранейшыя рынкі збыту і знайсці новыя. Тут упэўнены, што праект акупіцца ўжо праз 8 гадоў.