У Навагрудку пачаў дзейнічаць музей мініяцюр пад адкрытым небам "Страчаная спадчына"

23 марта 2019

Пазнаёміцца з гісторыяй старажытнага Навагрудка - у адным месцы. У райцэнтры пачаў дзейнічаць музей мініяцюр пад адкрытым небам "Страчаная спадчына". Усе экспанаты створаны рукамі мясцовых школьнікаў. Гэта дакладныя копіі гістарычных будынкаў, якія існавалі ў першай сталіцы Вялікага Княства Літоўскага на працягу некалькіх стагоддзяў. З экскурсіяй у незвычайны музей накіраваўся і наш карэспандэнт Юрый Карняловіч.

Навагрудскі палац Радзівілаў, царква на Замкавай гары, старажытны млын. На сённяшні дзень ніводны з гэтых будынкаў не захаваўся, і знайсці інфармацыю пра іх можна было толькі ў мясцовых архівах ці краязнаўчым музеі. Зараз усё змянілася. Убачыць, як выглядалі помнікі архітэктуры, няхай і ў зменшаным выглядзе, можна ў самым цэнтры Навагрудка. На вуліцы Міцкевіча размясціўся міні-музей пад адкрытым небам "Страчаная спадчына". Дарэчы, усе экспанаты тут зроблены рукамі мясцовых школьнікаў.

Вучні пятай школы Дзмітрый і Мікіта гісторыяй роднага краю захапляюцца з дзяцінства. Таму, калі ім прапанавалі прыняць удзел у стварэнні музея мініяцюр, адразу ўключыліся ў працу. Прызнаюцца: перш чым увасобіць старажытную сядзібу ў пластыку, прыйшлося склеіць некалькі папяровых макетаў. Стараліся не прапусціць ніводнай архітэктурнай дэталі. Нават выязджалі паглядзець на руіны палаца.

Ідэю стварыць макеты гістарычных будынкаў роднага горада ўпершыню агучылі супрацоўнікі раённай бібліятэкі. Шматлікія турысты цікавіліся, як выглядала першая сталіца Вялікага Княства Літоўскага ў розныя перыяды свайго існавання. І навочна прадэманстраваць гэта можна было толькі з дапамогай макетаў. Спачатку гэта былі асобныя мініяцюрныя будынкі, затым у пластыку ўвасобілі цэлую плошчу горада міжваеннага перыяду.

Асаблівасцю навагрудскага музея мініяцюр пад адкрытым небам з’яўляецца тое, што да экспанатаў можна дакранацца рукамі і падрабязна разглядаць кожную дэталь. Адметна, што ўсе будынкі маюць сваю багатую гісторыю.

Сёння ў музеі пад адкрытым небам 9 экспанатаў. Аднак ужо сёлета калекцыю плануюць папоўніць. Цэнтральнае месца зоймуць два замкі - Навагрудскі і Любчанскі. Неабходныя краязнаўчыя матэрыялы для іх стварэння працягваюць збіраць мясцовыя школьнікі.