У Магілёўскім аблсельгасхарчы распрацавалі новыя падыходы да вытворчасці ялавічыны

13 августа 2016

Цяпер вырошчваць мясную жывёлу будуць пэўныя гаспадаркі, дзе ёсць адпаведныя ўмовы. Гэта дазволіць атрымліваць добрую прыбаўку ў вазе і зарабляць на экспартных пастаўках. На Магілёўшчыне вызначаны 12 спецыялізаваных комплексаў. Адзін з іх - у Хоцімскім раёне.

Мэтанакіравана вырошчваць буйную рагатую жывёлу мясных парод збіраюцца на 12 сельскагаспадарчых прадпрыемствах Магілёўскай вобласці. Згодна з прагнозамі спецыялістаў, вага мясной жывёлы павінна дасягаць 450 кілаграмаў і больш.

У спіс спецкомплексаў для вырошчвання жывёлы ўваходзіць і гаспадарка “Кастрычнік-Бярозкі”. Тут мясной справай займаюцца 8 гадоў. Яшчэ на старце вытворцы зрабілі стаўку на дзве пароды – абярдзін-ангусы і герафорды.

У ліпені гаспадарка паставіла на мясакамбінат 257 галоў. Да леташняга ўзроўню гэта 160 %. Комплекс разлічаны больш як на 5 тысяч жывёлін, пакуль тут крыху больш за 4 тысячы. Аднак да кастрычніка ферму плануюць поўнасцю ўкамплектаваць і цалкам забяспечыць кормам. Таму да мясных гаспадарак – асаблівыя патрабаванні.

Дзякуючы намаганням прамыслоўцаў Магілёўшчыны за гэта паўгоддзе ўдалося дасягнуць добрых паказчыкаў па экспарце прадукцыі. Напрыклад, продаж мяса на костцы ўзрос на 150 %. Каб замацаваць рост, на абласным Мясамалпраме пачалі вытворчасць ялавічыны ў блоках – прадукцыю з больш высокай дабаўленай вартасцю.

У параўнанні з мінулым годам вытворчасць мяса ў Магілёўскай вобласці павялічылася на 22 % і дасягнула 5 тысяч тон. У лідарах - Клічаўскі і Горацкі раёны. У аблсельгасхарчы спадзяюцца, што новы падыход паспрыяе далейшай рацыяналізацыі выкарыстання рэсурсаў і дапаможа павялічыць аб’ём вытворчасці.