У Мінску вырабляюць ёлачныя цацкі ручной работы

1 декабря 2018

Пяцьдзясят кілаграмаў блёстак і як мінімум сто тысяч шкляных шароў! Ёлачныя цацкі ручной работы вырабляюць на фабрыцы ў Мінску. На сёння яна адзіная ў нашай краіне. У асартыменце больш за чатырыста дызайнаў і святочных малюнкаў, якія акрылам майстры наносяць на шкляныя загатоўкі. Сваімі рукамі ствараюць і барэльефныя кампазіцыі, а таксама цацкі ў старажытнаегіпецкай тэхніцы фьюзінг. Як працуе фабрыка ёлачных цацак, дзе ствараюць сапраўдную навагоднюю прыгажосць, распявядзе Наталля Кезік.

Музычныя каруселі, шкляныя касманаўты і Дзяды Маразы розных краін свету. У гэтых пакоях у экспазіцыі - цацкі з сямідзесяці дзвюх краін свету. Пакуль гэта самая буйная калекцыя. За час існавання музей ёлачных цацак пабываў у многіх беларускіх і расійскіх гарадах. На сёлетнія навагоднія святы экспазіцыя засталася ў Мінску. Яна ў музеі ёлачных цацак пабудавана па прынцыпе лабірынта. Калекцыя пачынаецца з экспанатаў дзевятнаццатага стагоддзя. Вось, напрыклад, самы дарагі экспанат - шар з венскага балю. Ёсць тут цацкі, якія ўпрыгожвалі ёлкі жыхароў Азіі, Аўстраліі, Амерыкі, Афрыкі і нават Перу.

Менавіта з гэтага музея і пачаўся бізнес Андрэя Бегуна. Уласную калекцыю ўпрыгажэнняў ён выпусціў тры гады таму ўжо на сваёй фабрыцы ёлачных цацак. Зараз тут працуюць сорак чалавек. Разам ствараюць не толькі ёлачныя цацкі, яшчэ сувенірную прадукцыю і абавязкова - сімвалы новага года. Нядаўна майстры асвоілі старажытна-егіпецкую тэхніку фьюзінг. Нібы мазаіку «збіраюць» шкляныя асколкі ў розныя ўзоры і фігуркі. Затым атрыманы малюнак запякаюць у спецыяльнай печцы. Над вобразамі працуе дызайнер Паліна Прахарчук. Сняжынкі, снегавікі, звераняты - за год яна на паперы вымалёўвае сотні эскізаў будучых цацак.

Асаблівасць вытворчасці ёлачных шароў – ручная праца. На шкляных загатоўках мастакі і дэкаратары выводзяць навагоднія матывы – як мінімум чатырыста відаў цацак і сотні сюжэтаў. Побач – па зусім іншай тэхніцы майстар стварае гіпсавых герояў. Іх тут вырабляюць з нуля. Дзядулі Маразы, Снягуркі, паветраныя шары атрымліваюцца даволі аб’ёмнымі, і разам з тым вельмі лёгкімі. Сёлета на фабрыцы плануюць выпусціць рэкордную колькасць цацак – 150 тысяч. Найбольш папулярныя ў пакупнікоў – традыцыйныя шкляныя шары з навагоднімі матывамі. Такія цацкі ручной работы ўпрыгожваюць ёлкі не толькі беларусаў, але і жыхароў Расіі, Латвіі і Літвы.