У Гродзенскай вобласці дабрацца да некаторых аддаленых вёсак стала сапраўднай праблемай

5 октября 2019

З-за моцных дажджоў мясцовыя дарогі ператварыліся ў балота. У дарожных арганізацый выправіць сітуацыю не заўсёды атрымліваецца, таму ад бязвыхаднасці жыхары нават спрабуюць самыя рамантаваць дарогі. Падрабязнасці ў рэпартажы Юрыя Карняловіча.

Вёска Залескія знаходзіцца на ўскрайку Воранаўскага раёна. Сюды не заходзяць рэйсавыя аўтобусы, адсутнічае магазін, а адзіная сувязь з цывілізацыяй - дзесяцікіламетровая гравійная дарога. Менавіта па ёй мясцовыя жыхары (а гэта пераважна пенсіянеры) дабіраюцца ў найбліжэйшы аграгарадок да ўрача ці на пошту. Аднак падчас дажджлівага надвор’я паездка ператвараецца ў сапраўднае выпрабаванне.

Пра асфальтавую дарогу тут нават не мараць. Адзінае пажаданне - падтрымліваць у належным стане тое, што ёсць. З такімі просьбамі вяскоўцы куды толькі не звярталіся. У адказ на гравійцы з’яўляецца грэйдар і то толькі два разы на год.

Не дачакаўшыся дапамогі ад дарожнай службы, жыхары Залескіх спрабуюць самастойна вырашаць сваю праблему. Мясцовы фермер змайстраваў спецыяльны коўш да трактара і цяпер сам спрабуе раўняць разбітую гравійку.

Відавочна, што сітуацыю з мясцовымі дарогамі вырашаць неабходна комплексна. Такіх аддаленых населеных пунктаў у Воранаўскім раёне дзясяткі.

Вузкія і разбітыя дарогі - гэта справа звычайная. Куды горш, калі дарога становіцца небяспечнай. Вось, напрыклад, на гэтым участку возера падыходзіць да самай дарогі, а ніякіх папераджальных знакаў ці засцерагальных бар’ераў тут няма.

Пра ўсе гэтыя праблемы дарожныя службы добра ведаюць. І па магчымасці стараюцца выпраўляць сітуацыю. Па іх словах, зараз у раёне шмат больш важных задач. Усе сілы накіраваныя на абслугоўванне трас рэспубліканскага і абласнога значэння.

А гэта ўжо суседні, Лідскі раён. Мясцовыя дарогі тут таксама не самай лепшай якасці. Пенсіянеры Фелікс і Антаніна Шынковічы свой хутар не пакідаюць ужо некалькі тыдняў. Прычына - дажджлівае надвор’е. Прызнаюцца: на веласіпедзе па такой гравійцы далёка не ад’едзеш.

Праўда, на заўвагі мясцовых жыхароў у райвыканкаме адрэагавалі хутка. Дарожнікі паабяцалі за самы кароткі тэрмін выправіць сельскую гравійку.

У 2017-м дарогі мясцовага значэння былі ўключаны ў дзяржаўную праграму. Да 2020 года павінна быць адрамантавана каля 7 тысяч кіламетраў па ўсёй краіне. У кожнай вобласці вызначаны самыя складаныя ўчасткі. Таму ёсць шанс, што дарожныя будаўнікі прыйдуць і ў аддаленыя вёскі.