У Гомельскай вобласці выбралі “Уладара сяла”

16 сентября 2017

За ганаровае званне змагаліся 11 маладых сямей рэгіёна. Гэта пераможцы раённых адборачных этапаў. Абавязковая ўмова - усе яны жывуць у сельскай мясцовасці, маюць ўласную падсобную гаспадарку і працуюць у вёсцы. А вось што датычыцца непасрэдна конкурсных выпрабаванняў, то гэта было зусім няпроста.

У гэтым пераканалася наш карэспандэнт Вольга Халадовіч. Вікторыя Лапчыкава як раз з тых жанчын, што не баяцца ніякай справы. І работу па доме на мужчынскую і жаночую не дзеляць. Маці траіх дзяцей упэўнена - умець у гэтым жыцці трэба ўсё. Тым больш у вёсцы, дзе конь - першы памочнік.

Бліны, бульбяная бабка, каўбасы, печаныя яблыкі, ліпавы чай – гэтая частка конкурсу не менш папулярная. На кулінарным спаборніцтве гаспадыні здзіўлялі журы хатнімі прысмакамі. У кожнай свой сакрэт і фірменны рэцэпт. Тут і музычнае суправаджэнне - тэматыка адпавядае конкурсу.

Дарэчы, у сям’і Давыдавых таленты не толькі вакальныя. Галава сям’і – Андрэй – піша іконы. Абразы асвячае ў царкве. Адзін з іх нават ужо стаў сямейным абаронцам.

Кожны падворак - гэта дэманстрацыя сямейных дасягненняў і каштоўнасцей. А падчас конкурсу па распілоўцы бервяна і складзіравання дроў пілаванне і трэскі ляцелі ў розныя бакі. Поспех залежыць ад зладжаных дзеянняў кожнага ўдзельніка каманды. А сілы надае група падтрымкі.

Максім і Кацярына Адзінцовы да обласнога этапу конкурсу рыхтаваліся ў перапынках паміж працай і хатнімі справамі. Жонка працуе ў калгасе аператарам машыннага даення, спадар – жывёлаводам. І на гарадское бесклапотнае жыццё сваё вясковае не прамяняюць.

Па выніках спаборніцтваў “Уладара сяла” сёлета атрымала сям’я Давыдавых з Добрушскага раёна. Яна прадставіць рэгіён на рэспубліканскім фінале праекта, які адбудзецца 28-29 верасня ў горадзе Глыбокае Віцебскай вобласці. Але, як гавораць удзельнікі конкурсу, свой галоўны прыз у жыцці пад назвай "сям'я" ўсе яны ўжо выйгралі. 



Зараз чытаюць