У Гомелі выпускаюць дэталі для будаўніцтва Беларускай АЭС

28 ноября 2015

У Гомелі на заводзе ліцця і нармаляў пачалі выпускаць новую прадукцыю. Асноўную праблему, звязаную з наладжваннем экспарту, тут вырашылі. Таксама ўлічылі і неабходнасць зніжэння выдаткаў і павышэнне канкурэнтаздольнасці тавараў. Прадпрыемства атрымала перамогу ў тэндары на пастаўку дэталяў для будаўніцтва Беларускай атамнай электрастанцыі. Падрабязнасці ў Марыны Севяр’янавай.

Чатыры тысячы будаўнікоў. Сотні адзінак тэхнікі. Звыш сарака кранаў. Работы па будаўніцтве Беларускай АЭС вядуцца строга ў адпаведнасці з графікам. Узвядзенне першага энергаблоку павінна завяршыцца ў 2018 годзе, другога - у 2020. У гэтым месяцы на АЭС ужо з'явіўся корпус рэактара першага энергаблока. Дэталь вагою больш як трыста тон прывезлі з расійскага Валгадонска.

Механізмы і камплектуючыя для электрастанцыі пачало выпускаць і гомельскае прадпрыемства.

Завод ліцця і нармаляў адпраўляе ў Астравец дэталі для будаўніцтва Беларускай АЭС ужо чатыры месяцы. За гэты час сума заказаў склала восем мільярдаў рублёў. Гэта 6% ад агульнага аб'ёму вытворчасці гомельскага прадпрыемства. Прычым кожная пастаўка ажыццяўляецца па асобным тэндары.

Гутарка ідзе пра сістэмы механічных злучэнняў для арматуры, альбо так званых муфтах. Дзякуючы ім бетонныя канструкцыі станцыі набываюць выключную магутнасць і даўгавечнасць. Заводскі партфель заказаў у гэтым накірунку сфарміраваны да канца года. Маштабныя пастаўкі сталі магчымымі дзякуючы перамозе сярод вытворцаў аналагічнай прадукцыі з Расіі і еўрапейскіх краін. Каб атрымаць дазвол на ўдзел у тэндары, на прадпрыемстве правялі спецыялізаваны аўдыт, а ўзоры прадукцыі прайшлі ўсебаковую праверку.

У будучым муфты будуць выпускаць для прамысловага і грамадзянскага будаўніцтва ў Беларусі і замежных краінах. Высокая ступень адказнасці і асаблівыя патрабаванні да якасці вырабаў для Беларускай АЭС падцягвае ўзровень прадукцыі ў цэлым. Зараз завадскія канструктары працуюць над праектам, які дапаможа зрабіць тэндарныя прапановы прадпрыемства па пастаўках сістэм механічных злучэнняў яшчэ больш прывабнымі для заказчыка.

Дарэчы, зараз на тэрыторыі завода арганізавана звыш дваццаці вытворчасцяў. Напрыклад, тут аднымі з першых у Беларусі пачалі выпуск вырабаў з металу на еўрапейскія стандарты. А ў першым паўгоддзі 2016 завершыцца мантаж новага абсталявання для цэха высокатрывалага чыгуну. Наладжваецца таксама і выпуск імпартазамяшчальнай прадукцыі.