У Гомелі актыўна развіваецца долевае будаўніцтва жылля

5 марта 2016

Летась такім спосабам набыцця ўласнай кватэры скарысталіся звыш тысячы чалавек. Аб'ёмы будаўніцтва ў гомельскіх мікрараёнах не збіраюцца зніжаць і сёлета.

Дзе з'явяцца новыя дамы і ў каго будзе наваселле, даведаўся Яўген Пабалавец.

У Гомелі актыўна развіваецца будаўніцтва жылля. Толькі ў 2015-м дольшчыкамі сталі звыш тысячы чалавек, а ў горадзе над Сожам з'явілася дзесяць новых шматпавярховак. Гэта, кажуць спецыялісты, адзін з паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёна. З'явяцца новабудоўлі і сёлета.

Аляксандр Калеснікаў, намеснік дырэктара ўпраўлення капітальнага будаўніцтва Гомельскага гарвыканкама: "Па-першае, гэта камерцыйнае жыллё для тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Вызначылі на гэты год раён забудовы. Гэта дамы з 5-працэнтным абмежаваным прыбыткам. Наступны сегмент - для сярэдняга класа. Ёсць і элітныя аб'екты на тэрыторыі паркавай зоны".

Плануецца, што будаўніцтва распачнецца ва ўсіх мікрараёнах абласнога цэнтра. Ужо зараз спецыялісты вызначаюць месцы для будучых шматпавярховак.

Перш чым пабудаваць новы дом, упраўленне капітальнага будаўніцтва Гомельскага гарвыканкама на сайце metr.by праводзіць так званы пілотны агляд. Указваецца месцазнаходжанне будучага дома, яго тып, некаторыя іншыя характарыстыкі. Пасля гэтага праводзіцца інтэрактыўнае апытанне, якое ўтрымлівае некалькі пунктаў. Напрыклад, патэнцыяльным пакупнікам кватэр прапануецца адказаць на пытанне, які кошт яны гатовыя заплаціць за жыллё. Па-ранейшаму самы высокі попыт на больш танныя метры. Але на сённяшні дзень будуецца яго менш, чым гатовыя купіць людзі.

Аляксандр Калеснікаў, намеснік дырэктара ўпраўлення капітальнага будаўніцтва Гомельскага гарвыканкама: "Наша эканамічная праграма сфарміраваная, каб у людзей была цікавасць укладваць грошы ў долевае будаўніцтва. Мы даём скідку ў адносінах да рыначнага жылля ў тым жа мікрараёне, таму людзі часцей гатовыя будаваць разам з намі, а не набываць жыллё на другасным рынку".

Усяго за першыя два месяцы года на другасным рынку Гомеля заключылі звыш паўтысячы здзелак. Дарэчы, самымі папулярнымі з'яўляюцца кватэры ў дамах 1960-1989 гадоў пабудовы, а таксама ў новабудоўлях.