У Дуброўне з’явіўся ўласны Біг-Бэн

4 августа 2018

Так некаторыя жыхары называюць гарадскі гадзіннік на вежы, усталяванай у цэнтральным скверы горада. Цікавае архітэктурнае рашэнне дапамаглі ператварыць у жыццё спонсары. Навабуд, нягледзячы на тое, што з’явіўся зусім нядаўна, ужо мае за плячыма доўгую гісторыю. Яго нават лічаць сімвалам Дуброўна. Чаму -  даведаемся ў Вольгі Маслоўскай.

Гарадскі гадзіннік на 13-метровай вежы хутка стаў мясцовай славутасцю. Стрэлкі не толькі паказваюць дакладны час, але і нагадваюць пра гісторыю мястэчка.

Дарэчы, сціплы гарадок у 18 стагоддзі называлі не інакш, як гадзіннікавай сталіцай Расійскай імперыі. Менавіта тут князь Рыгор Пацёмкін адкрыў тры мануфактуры, адна з якіх спецыялізавалася на вытворчасці кішэнных гадзіннікаў. Запрасіў вядомага ў той час майстра Пятра Нарштэйна. Гадзіннікаваму рамяству ён навучаў сялянскіх дзяцей і потым наймаў іх на працу.

Каб убачыць прадукцыю Дубровенскай мануфактуры, трэба адправіцца ў Санкт-Пецярбург. У Эрмітажы захоўваюцца тры экзэмпляры механізмаў, сабраных у беларускім гарадку. Цікава, але ў самім Дуброўне зараз нават майстэрняў па рамонце гадзіннікаў не засталося. Нічога не зробіш - час лічбавых гаджатаў. Мясцовыя жыхары вырашылі вежай з гадзіннікам пазначыць славутую старонку гісторыі малой радзімы.

Гадзіннік вырабілі ў Маскве. Вежу ўпрыгожваюць чатыры цыферблаты дыяметрам у метр. Стрэлкі паказваюць дакладны да мілісекунды час, бо GPS-сігналам звязаны са спадарожнікамі.

Сімвалічна, што гадзіннік усталявалі ля фантана сустрэч, каб ніхто не спазняўся на спатканні. Тым часам другое жыццё набывае яшчэ адзін аб’ект, які можа многае расказаць пра гісторыю Дуброўна. Сіламі мясцовага льнозавода ідзе рэканструкцыя аднаго з будынкаў Дняпроўскай ткацкай мануфактуры. Тут размесцяцца музейны пакой і зала для ўрачыстасцяў.

Адкрыццё рэканструяванага будынка запланавана на жнівень. Арганізатары адшукалі нашчадкаў працаўнікоў былой мануфактуры. Яны прыедуць на ўрачыстасць з Масквы і Оршы.



Зараз чытаюць