У вёсцы Сорацні Драгічынскага раёна з’явіўся мемарыял

22 сентября 2018

Яна была спалена немцамі ў гады вайны, але не знікла з карты Драгічынскага раёна. Жыхары вёскі Сорацні ў верасні 1943 былі забіты і спалены нямецкімі акупантамі. Загінулі больш за 140 чалавек, у тым ліку шмат дзяцей. У 75-ю гадавіну трагедыі ў населеным пункце з’явіўся мемарыял. Незвычайны ён тым, што стваралі помнік загінуўшым самі аднавяскоўцы і ўсе неабыякавыя людзі. Падрабязней - у нашым рэпартажы.

У вёсцы, якая магла знікнуць, зараз жывуць крыху больш за сотню чалавек. І тут кожны ведае пра трагедыю, што здарылася ўвосень 43-га. Сярод сённяшніх жыхароў - жывыя сведкі тых жудасных падзей. Дзякуючы ім, рабоце ў архівах у вёсцы з’явіўся мемарыял. Увекавечаныя 144 прозвішчы тых, хто загінуў у вераснёвую раніцу.

Ніна Максімовіч была падлеткам, калі немцы прыйшлі ў Сорацні.

Чуткі, што акупанты збіраюцца спаліць населены пункт, дайшлі да людзей. Вяскоўцы ў вызначаны дзень пакінулі свае хаты, схаваліся ў лесе, але немцы не прыйшлі. Раніцай людзі вярнуліся, прыехалі і немцы. Сорацні гарэлі!

У суседнім лесе хаваліся партызаны, часта рабілі засады. Аднойчы яны пабілі шмат немцаў. Тыя адпомсцілі - расстралялі нявінных людзей, без разбору, дзеці гарэлі жывымі. Ніна Аляксандраўна засталася сіратой.

Дзякуючы гуманітарнаму праекту "Вёска, якая не павінна знікнуць" і жаданню аднавяскоўцаў, у Сорацнях з’явіўся помнік на могілках, дзе пахаваны ахвяры той трагедыі. Стваралі мемарыял усёй грамадой. З дакументальных крыніц збіралі інфармацыю, знайшліся і неабыякавыя спонсары.

Вёска Сорацні не знікне, пакуль яе жыхары будуць помніць пра тое, што не павінна забывацца. 



Зараз чытаюць