У Брэсцкай вобласці на тыдні адбылося зарыбленне возера Лукаўскае

7 ноября 2015

У ваду выпусцілі амаль 2 тоны карпа і белага амура. Дарэчы, толькі ў гэтым рэгіёне на аднаўленне папуляцыі рыбы таварыства паляўнічых і рыбаловаў выдаткавала 200 мільёнаў рублёў.

Карэспандэнт Юрый Печур прыняў удзел у зарыбленні возера ў Маларыцкім раёне. Плошча - 560 гектараў, глыбіня — да 16 метраў. Самае буйное возера Маларыцкага раёна — Лукаўскае — заўсёды прываблівала аматараў рыбалкі.

Ловяць з берага, выкарыстоўваюць і лодкі. Праўда, гавораць, рыбы апошнім часам стала значна менш. Але зараз сітуацыя павінна змяніцца кардынальна.

Карп і белы амур яшчэ ў большай колькасці паселяцца ў вадасховішчы Лукаўскае Маларыцкага раёна. Тут на сродкі рыбаловаў-аматараў ідзе зарыбленне вадаёма.

Каля дзвюх тон рыбы толькі за адзін раз выпусцілі ў гэтае вадасховішча. Раней тут пасялілі яшчэ і малькоў шчупака.

Рыбалка – бясплатная. За браканьерства – штраф звыш 2 мільёнаў рублёў. Інспектары папярэджваюць, з 1 лістапада забаронены лоў соміка і сіга. А за нанесены ўрон навакольнаму асяроддзю прыйдзецца заплаціць да 9 мільёнаў. З пачатку года толькі ў вобласці выявілі больш за 600 фактаў браканьерства.

Прыйсці на возера Лукаўскае можна будзе ўжо праз некалькі тыдняў, калі скончыцца неабходны каранцін. Той, хто ўваходзіць у таварыства паляўнічых і рыбаловаў, зможа выкарыстоўваць адразу да 10 кручкоў на вудах, простыя аматары - менш.