Унікальны спосаб перапрацоўкі адходаў

19 ноября 2016

Унікальны спосаб перапрацоўкі адходаў знайшоў жыхар вёскі Матыкалы Брэсцкага раёна. З таго, што адны адпраўляюць на сметнік, настаўнік сельскай школы робіць сапраўдныя мастацкія творы. З аўтарам незвычайных скульптур пазнаёмілася наш карэспандэнт Таццяна Калакольцава.

У звычайных прадметах ён бачыць незвычайнае. Творчая фантазія Антона Мартынюка і яго ўмелыя рукі здольныя ператварыць нікому не патрэбны металалом у казачных персанажаў. Выкладчык Матыкальскай дзіцячай мастацкай школы ўзгадвае, што нарадзілася захапленне яшчэ ў студэнцкія гады падчас адной з генеральных уборак.

Праблем з недахопам матэрыялаў для творчасці няма, гаворыць Антон. Знаёмыя і суседзі нясуць у кватэру скульптара ўсё, што ў гаспадарцы стала непатрэбным - зламаныя інструменты і парасоны, лыжкі і іншы металалом. А з нядаўніх часоў майстар стаў ужываць луску ды косці жывёл. Захапіўся біямеханікай.

Акрамя эстэтычнай функцыі арт-аб'екты выконваюць і экалагічную.

Сёння на творчым рахунку Антона - дзясяткі работ і некалькі персанальных выстаў.

Глабальных выхаваўчых мэт скульптар перад сабой не ставіць. Гаворыць, добра будзе, калі яго скульптуры хоць кагосьці падштурхнуць данесці смецце да скрыні ці перадаць у патрэбныя рукі.