Цеплаход “Гродна” на рэканструкцыі

23 июня 2018

У пік сезона - больш за 15 000 пасажыраў у месяц. Цеплаход "Гродна" ужо амаль 40 гадоў курсіруе па рацэ Мухавец і аднолькава падабаецца як жыхарам горада, так і замежным гасцям. Але некалькі месяцаў судна ў акваторыі не відаць. Куды ж падзеўся пасажырскі цеплаход на час водпускаў і летніх канікул? Адказ шукала наша здымачная група.

Расказвае Вікторыя Патоня.

Гэта эксклюзіўныя кадры. Цеплаход "Гродна" ў Брэсце з’явіўся ў 80-м годзе, пасля Алімпійскіх гульняў. Перагон судна з Масквы ажыццяўляў экіпаж з 4 чалавек. У брэсцкім порце нават захоўваецца фотахроніка тых падзей. Першым на трываласць рачны карабель праверыў капітан Міхаіл Занько. Гэта было падарожжа на 2 месяцы: па Маскве-рацэ, Волзе, Доне і Прыпяці.

У нашыя дні ў самы пік сезона "Гродна" перавозіць больш за 15 000 пасажыраў за месяц. Праўда, зараз прыйшлося зрабіць невялікі перапынак: цеплаход на рэканструкцыі.

У абнаўленні свайго рачнога карабля ўдзельнічае і капітан-механік Сцяпан Зялько. За штурвалам "Гродна" ён ужо 30 гадоў. Апошні раз цеплаход рамантавалі ў 2013. Цяпер, каб замяніць падводную частку абшыўкі, спецыялістам Пінскага суднарамонтнага завода спатрэбіліся тры месяцы і 6 тон металу. Замянілі рулявое кіраванне, адрамантавалі электраабсталяванне. Словам, цеплаход прадоўжыць сваё рачное плаванне.

Пасля капітальнага рамонту "Гродна" стаў больш камфортным, тэхнічныя характарыстыкі палепшаны. Адначасова на борт ён можа прыняць 150 пасажыраў. Маршрут на 10 кіламетраў па акваторыі ракі Мухавец доўжыцца 1 гадзіну. Асабліва чакаюць аднаўлення прагулачных рэйсаў аматары адпачынку на прыродзе.

Прагулкі прывабліваюць турыстаў розных узростаў, бываюць і эксклюзіўныя рамантычныя туры. Папулярныя экскурсіі па вадзе ў замежных гасцей, асабліва ў палякаў, немцаў і расіян.

З гэтага прычала на набярэжнай Брэста амаль 40 гадоў адпраўляецца пасажырскі цеплаход "Гродна". Плануецца, што пасля капітальнага рамонту ён ізноў прыме першых турыстаў на борт у пачатку ліпеня.