Сонечныя батарэі на палях

30 апреля 2016

Унікальны для Беларусі праект рэалізуецца ў Брагінскім раёне Гомельскай вобласці. Тут будуюць сонечныя электрастанцыі, магутнасць якіх дазволіць забяспечваць электраэнергіяй як мінімум чатыры раёны. Акупнасць праекта - пяць гадоў, прамыя інвестыцыі складаюць 22 мільёны еўра.

Падрабязнасці ў Яўгена Пабалаўца.

Унікальны для Беларусі інавацыйны праект рэалізуецца на пляцоўцы, што за тры кіламетры ад Брагіна. Пад яго выдаткавалі 56 гектараў зямлі на месцы старога саду. Раней тут быў непралазны хмызняк, зараз з’явіцца самы буйны ў краіне сонечны парк.

Брагінскі раён для будаўніцтва сонечных электрастанцый выбралі невыпадкова. Тут найвялікшая працягласць светлавога дня і колькасць сонечных дзён у годзе.

Навукоўцы вызначылі, што працягласць светлавога дня ў Брагінскім раёне на 20 хвілін даўжэйшая, чым у Гомелі, і на 9 хвілін, чым у суседніх Хойніках. А гэта ўсяго 25 кіламетраў адсюль. Інвестары падлічылі, што праект акупіцца праз пяць гадоў пры тэрміне эксплуатацыі пятнаццаць. Першы аб’ект запрацуе ўжо летам. Зараз вядуцца работы паралельна адразу на трох пляцоўках.

Віктар Алесіевіч, кіруючы дырэктар кампаніі “Салар Інвест”: "Праект складаецца з трох пляцовак. Гэта поле панэляў, ЛЭП на 110 кілават на 5 кіламетраў і трансфарматарная падстанцыя, дзе будзе праходзіць збор электраэнергіі з панэляў".

Акрамя гэтай пляцоўкі ў найбліжэйшы час пачнуцца работы яшчэ на адной у Брагінскім раёне на месцы былого аэрадрома. Для пацярпелага ад аварыі на ЧАЭС раёна такія інвестыцыі - важныя датацыі ў бюджэт. Эканамічны эфект яшчэ і ў тым, што будуць створаны новыя рабочыя месцы і будзе вырабляцца больш танная электраэнергія.

Пётр Раманюк, намеснік старшыні Брагінскага райвыканкама: "Рэспубліка будзе менш закупліваць электраэнергіі за мяжой. Выпрацоўка электраэнергіі ў межах 22 мегават. Гэта дзесьці чатыр раёны будуць поўнасцю забяспечаныя электраэнергіяй".

Ёсць інтарэс да новага праекта і ў інвестараў з Польшчы і Германіі. Зараз вызначаюць будучыя пляцоўкі пад будаўніцтва. У найбліжэйшы час такія ж аб’екты могуць з’явіцца і ў суседніх з Брагінскім раёнах Гомельскай вобласці.