Шапавальства - старажытнае майстэрства і візітоўка Дрыбінскага раёна

12 марта 2016

Валёнкі, якія робяць уручную, не толькі самы папулярны сувенір на кірмашах-фестывалях, але і сапраўдны турыстычны брэнд. Каб захаваць рамяство для нашчадкаў, у Дрыбіне вырашылі стварыць школу юных шапавалаў. Гэты праект Алены Віхровай стаў пераможцам рэспубліканскага маладзёжнага конкурсу “100 ідэй для Беларусі”. Дрыбінская ідэя стала лепшай у намінацыі “Сацыяльная сфера”.

Старажытнае рамяство катрушнікаў - не проста гісторыя. Яно і сёння можа быць цікавай і прыбытковай справай. Так сцвярджае аўтар праекта. У новай школе шапавалаў дрыбінцы плануюць навучыць як мага больш дзяцей гэтаму рамяству.

Пачатак новаму праекту ўжо пакладзены. У гісторыка-этнаграфічным музеі паспяхова працуе дзіцячы гурток “Катрушнік”. Маладыя аматары шапавальскага рамяства лічаць яго не проста забавай, але і справай на будучыню.

Ёсць у дрыбінскіх шапавалаў і свая мова. Яна ўзнікла стагоддзі таму, каб захоўваць таямніцы прыбытковага рамяства. Вывучэнне катрушніцкага лемезня – частка новага праекта.

Старадаўнія прыстасаванні шапавалаў і традыцыйныя вырабы, яркія сучасныя цацкі, валёнкі і шапкі сёння можна ўбачыць у раённым гісторыка-этнаграфічным музеі. Гэта сапраўдны хэнд-мэйд, які шануецца ва ўсім свеце. А ўменне валяць валёнкі ў Дрыбінскім раёне перадаецца з пакалення ў пакаленне.

Творчасць беларускіх майстроў-шапавалаў прэтэндуе на сусветную вядомасць. Дакументы пра гэты нематэрыяльны аб'ект Дзяржаўнага спісу гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі - творчасць дрыбінскіх майстроў-шапавалаў - прадстаўлены на разгляд спецыялістаў ЮНЭСКА. У выпадку станоўчага вырашэння шапавальства дрыбінскіх майстроў стане другім беларускім аб'ектам у Спісе сусветнай нематэрыяльнай спадчыны.