Сямейны дом адкрылі ў Ветцы

24 декабря 2016

У Гомельскай вобласці на тыдні адкрылі 42 дзіцячы дом сямейнага тыпу. Сям'я засялілася ў поўнасцю ўладкаваны дом. У ім усё неабходнае -  мэбля, сантэхніка, бытавыя электратавары. Некаторыя з падарункаў, напрыклад, новыя камп’ютары сям'і прэзентавалі непасрэдна на ўваходзінах. З падрабязнасцямі Ганна Кавалёва.

Будаўніцтва гэтага двухпавярховага катэджа пачалося летам. Сёння дом цалкам гатовы да сустрэчы з новымі гаспадарамі. Імі стануць Наталля і Мікалай Агафонавы і пяцёра іх прыёмных дзяцей.

Яны вырасцілі родную дачку і ўжо двойчы сталі дзядулем і бабуляй. Узяць прыёмных дзяцей прапанавала Наталля. Муж ідэю падтрымаў. Упершыню сваіх будучых бацькоў дзеці ўбачылі ў верасні і адразу назвалі мамай і татам.

Старэйшыя дзеці кажуць, што іх навагоднія жаданні здзяйсняюцца ўжо зараз. За дзень да афіцыйнага адкрыцця ў новым доме сям'я Агафонавых ўпершыню сабралася ў поўным складзе. Дарэчы, у найбліжэйшы год яна папоўніцца яшчэ пяццю дзецьмі.  

Лізавета Мурашка, выхаванка дзіцячага дома сямейнага тыпу:

"Ставімся адно да аднаго добра, называем "мама" і "тата". Са з'яўленнем маіх новых мамы і таты ў маім жыцці змянілася ўсё. Гэта будзе першы Новы год, калі мы збяромся ўсёй сям'ёй разам". 

 

Дзіцячы дом сямейнага тыпу ў Ветцы - 42-і ў рэгіёне.  Катэдж плошчай больш за 190 квадратных метраў абсталяваны ўсёй неабходнай мэбляй, тэхнікай і нават сістэмай відэаназірання.

Сяргей Парошын, начальнік упраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама:

"Школ-інтэрнатаў у нас ужо няма які год запар. Мы выканалі даручэнне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аб ліквідацыі школ-інтэрнатаў агульнага тыпу, у нас ужо іх не існуе".

 

У Гомельскай вобласці ў дзіцячых дамах сямейнага тыпу  выхоўваюцца каля 300 хлопчыкаў і дзяўчынак. На наступным тыдні ў свой новы дом у Чачэрскім раёне пераедуць яшчэ шасцёра дзяцей са сваімі прыёмнымі бацькамі. 



Зараз чытаюць